Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская: Свабода прэсы — гэта «люстэрка» таго, што насамрэч адбываецца ў грамадстве

03.05.2026 08:49
Сёння ўсе незалежныя беларускія СМІ працуюць з-за мяжы.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Andrys/pixabay.com/CC0 Public Domain

Святлана Ціханоўская апублікавала зварот з нагоды Дня свабоды прэсы: 

«У Беларусі праўда стала небяспечнай і цяпер за кожным журналісцкім матэрыялам стаіць не проста прафесійная адказнасць, але і чалавечая рызыка. Беларускія журналісты, якія сумленна робяць сваю працу, плацяць за гэта высокую цану: арыштамі, турмамі, вымушанай эміграцыяй. 

І ўсё ж беларускія медыя працягваюць развівацца і працаваць — у выгнанні, пад палітычным пераследам, без нармальных умоў, знаходзячы выйсце нават там, дзе, здавалася б, яго няма.

Сёння ўсе незалежныя СМІ працуюць з-за мяжы, але пры гэтым каля 80% іх аўдыторыі застаецца ў Беларусі.

Менавіта гэта падкрэслівае не толькі прафесіяналізм журналістаў, але і вялікую патрэбу беларусаў у праўдзівай, альтэрнатыўнай інфармацыі.

Улада спрабуе забіць гэтую праўду — праз цэнзуру, блакіроўкі, запалохванне. Але праўда знаходзіць шлях. Шлях праз беларускую незалежную журналістыку.

Сёння я хачу падзякаваць усім журналістам — тым, хто ў турмах, у выгнанні і ўнутры краіны працягвае працаваць.

Праўда — гэта самая вялікая небяспека для рэжыму і самая вялікая каштоўнасць для людзей».

Тэлеграм-канал С. Ціханоўскай