Мінск прапануе «ўключыць у абмен» беларускую журналістку Іну Кардаш, якая працавала ва ўкраінскіх СМІ і якую Служба бяспекі Украіны (СБУ) падазрае ў шпіянажы, паведамляе агенцтва «Укрінформ», што заўважыў Позірк.
— Такі сігнал быў, але, акрамя размоў, пакуль нічога няма. Мы адкрытыя да прапаноў, — заявіў кіраўнік сакратарыята Каардынацыйнага штаба па абыходжанні з ваеннапалоннымі Багдан Ахрыменка. — Нам нецікава трымаць у сябе замежных злачынцаў, марнаваць на іх бюджэтныя сродкі ў той час, калі нашы незаконна асуджаныя грамадзяне знаходзяцца за кратамі ў нечалавечых умовах, — адзначыў Ахрыменка.
Служба бяспекі Украіны заявіла, што «дзякуючы своечасоваму выкрыццю шпіёнкі» супрацоўнікі СБУ і ГУВ «пачалі з беларускай агенткай доўгатэрміновую аператыўную гульню, якая дазволіла не толькі дакументаваць кожны яе крок, але і праз яе рэгулярна дэзінфармаваць беларускую спецслужбу».
35-гадовая грамадзянка Беларусі Іна Кардаш была затрыманая ў Кіеве ў студзені г.г. паводле падазрэння ў шпіянажы на карысць КДБ Беларусі.
Кардаш знаходзіцца пад вартай, ёй пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Кардаш працавала ва Украіне журналісткай з 2019 года — спачатку на тэлеканале 112, а пасля ў інфармагенцтве «Інтэрфакс Украіна».
У верасні 2025 года яна з’ехала ў Беларусь, дзе яе, паводле звестак следства, завербаваў КДБ. Пасля жанчына падпісала кантракт з Галоўным упраўленнем выведкі Мінабароны Украіны і ўладкавалася ў Каардынацыйны штаб па абыходжанні з ваеннапалоннымі. Там, паводле матэрыялаў справы, яна фатаграфавала сакрэтныя дакументы і перасылала куратару ў КДБ.
Паводле ўкраінскіх выведкі, Кардаш працавала на КДБ РБ з 2015 года.
яс