Мінулай ноччу сайт Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org не вытрымаў хакерскай атакі. На гэты момант сайт не працуе.
Пра гэта паведаміў заснавальнік і кіраўнік праекту Яраслаў Іванюк. Яго меркаваннем, гэтая хакерская атака звязаная з беларускімі спецслужбамі. Яна была больш магутнай, чым апошнім разам, некалькі месяцаў таму.
— Атака была хутчэй за ўсё лепш спланаваная. Мы яе заўважылі недзе а палове другой ночы, а ўжо а чацвёртай усе серверы былі пустыя, вычышчаныя да нуля. Ну, вядома ж, заўсёды можна было б забяспечыцца лепш, але заўсёды хакер таксама можа твае забеспячэнні паламаць.
Гэта такая крыху гульня ў ката і мышку, але па другім баку гэты кот значна большы, чым можна было б уявіць Я лічу, што спецслужбам рэжыму, якія прызналі наш Фонд Kamunikat і мяне асабіста членамі экстрэмісцкага фарміравання, залежыць на тым, каб урэшце Kamunikat заглохнуў.
Kamunikat - гэта крыніца беларускай літаратуры, беларускай культуры, беларускай тоеснасці. Ён працаваў, каб захоўваць гэта ў замежжы. Сённяшняму кіраўніцтву Рэспублікі Беларусь, рэжыму Аляксандра Лукашэнкі на гэтым не залежыць. І таму будуць рабіць усё, каб гэтага не было. Але, як напісаў адзін з сябраў ў сацыяльных сетках у каментары да майго допісу: "Kamunikat, як птушка Фенікс, адродзіцца і будзе яшчэ больш магутным". І мы ў гэта верым, бо праўда па нашым баку.
Яраслаў Іванюк плануе, калі «не ўдасца аднавіць самастойна», звярнуцца па дапамогу да беларускай супольнасці. Атака знішчыла больш чым 25-гадовую працу многіх людзей, але яны не здаюцца.
нг