Візіт Святланы Ціханоўскай у Арменію на саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці, які прайшоў 4–5 мая, быў пад пагрозай зрыву. Дыпламатычны дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі расказаў «Люстэрку», што беларускія ўлады спрабавалі выкарыстаць бюракратычныя механізмы і міждзяржаўны вышук, каб не дапусціць яе ўдзелу ў форуме.
Першапачаткова дэлегацыя планавала вылецець у Арменію з Варшавы ў суботу, 2 мая, каб ужо ў нядзелю быць на месцы разам з большасцю сусветных лідараў. Аднак у апошні момант планы змяніліся з-за запрашэння ад прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага ўзяць удзел у цырымоніі ўзнагароджання Андрэя Пачобута. Вылет перанеслі на вечар нядзелі.
Па словах Кучынскага, афіцыйны Мінск вырашыў выкарыстаць механізмы міждзяржаўнага вышуку для затрымання Ціханоўскай і яе дэлегацыі.
— Пазіцыя Арменіі была вельмі прынцыповай. Яна прыняла Святлану Ціханоўскую. І гэта быў вельмі моцны сігнал. Гэта чарговы доказ таго, што Лукашэнка ўсё яшчэ дрэнна разумее, з кім мае справу. Ён дагэтуль думае, што Святлану можна запалохаць ці прымусіць адмовіцца ад нейкіх крокаў. Яна выдатна разумее рызыкі, але не дазваляе страху вызначаць яе рашэнні, — заявіў Кучынскі.