Беларуская Служба

World Athletics не зняла забарону для беларускіх спартоўцаў, нягледзячы на заклік МАК

08.05.2026 12:44
Санкцыі, уведзеныя ў сакавіку 2022 года супраць беларускіх і расійскіх спартоўцаў, афіцыйных асоб і дапаможнага персаналу, застаюцца ў сіле.
.
.Pexels/pixabay.com/CC0

Сусветная лёгкаатлетычная асацыяцыя (World Athletics) адмовілася здымаць забарону на ўдзел беларускіх спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах пад нацыянальным сцягам. Пра гэта паведамляе BBC Sport.

Напярэдадні выканаўчы камітэт Міжнароднага алімпійскага камітэта заклікаў міжнародныя федэрацыі вярнуць Беларусь да спаборніцтваў, пакінуўшы пры гэтым абмежаванні для Расіі. У МАК адзначылі, што Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі «мае добрую рэпутацыю» і выконвае Алімпійскую хартыю. 

Аднак World Athletics заняла іншую пазіцыю.

— Санкцыі, уведзеныя ў сакавіку 2022 года супраць беларускіх і расійскіх спартоўцаў, афіцыйных асоб і дапаможнага персаналу, застаюцца ў сіле, — заявілі ў арганізацыі.

Там дадалі, што перагледзець рашэнне могуць толькі ў выпадку «рэальнага прагрэсу ў мірных перамовах» адносна вайны ва Украіне. Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі ўжо падтрымаў пазіцыю МАК.

reform.news/эж