Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org, якая 7 траўня пацярпела ад маштабнай хакерскай атакі, фактычна аднавіла свае матэрыялы, аднак сайт пакуль не працуе для карыстальнікаў. Пра гэта паведаміла Радыё Свабода са спасылкай на заснавальніка праекта Яраслава Іванюка.
Паводле Іванюка, перад поўным аднаўленнем неабходна праверыць сістэму на наяўнасць шкоднага праграмнага забеспячэння.
— Сайт адноўлены фактычна поўнасцю. Цяпер займаемся ўдасканаленнем структуры, каб пазбегнуць падобных атак у будучыні, — адзначыў ён.
Яраслаў Іванюк паведаміў пра інцыдэнт польскай службе кібербяспекі CERT Polska і папярэдзіў іншыя беларускія культурніцкія праекты пра магчымыя атакі.
Паводле яго, яшчэ з кастрычніка мінулага года Kamunikat.org фіксаваў падазроныя запыты з IP-адрасоў у Кітаі, а падчас апошняй атакі — таксама з Тайваня, Сінгапура і Інданезіі.
На сайце захоўваецца больш за 70 тысяч беларускіх матэрыялаў.
эж