Дэпартамент фінансавых расследаванняў Дзяржкантролю Беларусі распачаў маштабныя праверкі буйных лагістычных кампаній. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».
Паводле выдання, за апошнія два тыдні вобшукі і затрыманні прайшлі ў офісах кампаній «ПраЛіў», «Тэлс Глобал», «ВестТрансЛайн», «Інтэртрансаўта» і іншых. Звычайных супрацоўнікаў масава не затрымліваюць, але пад удар трапляюць уласнікі і кіраўнікі бізнесу.
Кампаніям інкрымінуюць ухіленне ад выплаты падаткаў. Паводле беларускага заканадаўства, па гэтым артыкуле пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Першай пад следства трапіла кампанія Jenty. Паводле версіі сілавікоў, яе супрацоўнікі, знаходзячыся ў Беларусі, працавалі на замежныя прадстаўніцтвы, а грошы пералічваліся на рахункі ў іншых краінах.
Кіраўніцтва Jenty прызнала віну і выплаціла шматмільённы штраф. Пасля гэтага праверкі распаўсюдзіліся на ўсю галіну.
эж