Учора Выбарчая Камісія правяла экстраннае паседжанне ў сувязі з сумневамі, якія з’явіліся ў СМІ, адносна бяспекі сэрвісу верыфікацыі Sumsub.
— Галоўная мэта сустрэчы — забяспечыць поўную празрыстасць выбарчага працэсу і адказаць на пытанні, якія хвалююць грамадства, — паведаміла КР.
ІТ-спецыяліст Павел Лібер пракаментаваў асноўныя прэтэнзіі да правайдэра:
Статус кампаніі: Sumsub — не нішавы гулец, а сусветны лідар, што два гады запар пацвярджае аўтарытэтнае агенцтва Gartner. Сярод 4000 кліентаў сэрвісу — такія гіганты, як Vodafone, Duolingo і TransferGo.
Бяспека даных: Кампанія мае найвышэйшыя сертыфікаты стандартаў бяспекі і працуе паводле еўрапейскіх патрабаванняў GDPR. Усе даныя захоўваюцца на серверах у Германіі. Sumsub таксама супрацоўнічае з Інтэрполам у пытаннях даследаванняў і трэнінгаў.
Інцыдэнты з уцечкамі: У кампаніі былі два інцыдэнты, звязаныя з уцечкай даных, якія яна самастойна і наўмысна апублічыла. Першы выпадак тычыўся толькі службы падтрымкі партнёраў і не закрануў біяметрыю ці пашпарты. Другі быў выкліканы памылкай самога партнёра, які выклаў ключ доступу ў публічную прастору, што не з'яўляецца хібай сістэмы Sumsub.
Паходжанне ўласнікаў: Заснавальнікі кампаніі нарадзіліся ў Расіі і маюць ізраільскія пашпарты. Яны не жывуць у РФ больш за 7 гадоў і пасля пачатку поўнамаштабнай вайны цалкам адмовіліся ад выкарыстання расійскага і беларускага софту.
Арцём Брухан, спікер Каардынацыйнай Рады запэўніў, што Рада «цалкам давярае Паўлу Ліберу як прафесіяналу, які забяспечыў бяспеку на мінулых выбарах».
— Мы бачым маштабныя DDoS-атакі на платформу і разумеем, што выбары — цэль для спецслужбаў рэжыму. Незалежныя медыя маюць права на абмеркаванне, але нашы выбаршчыкі здольныя аддзяліць факты ад эмоцый, — падкрэсліў Брухан.
Усё ж, праз тое, што час, запланаваны на фінальнае тэставанне платформы, быў выдаткаваны на разбор сітуацыі і экстраннае пасяджэнне, сябра камісіі Яраслаў Бекіш прапанаваў перанесці старт выбараў на 22 гадзіны пазней. Гэта неабходна, каб завяршыць тэхнічны прагон разам з сябрамі камісіі і гарантаваць бездакорную працу сістэмы. Павел Лібер і сябры Выбарчай камісіі падтрымалі гэтую прапанову.
— Наш галоўны прыярытэт — абарона персанальных даных і поўная празрыстасць выбараў. У нас няма задачы штосьці прыхоўваць, таму мы гаворым пра ўсё адкрыта, – запэўніла старшыня Выбарчай Камісіі Алена Прыходзька.
Такім чынам пачатак выбараў перанесены на 22 гадзіны пазней, то бок пачнецца 11 траўня, 22:00 па мінскім часе.
аз