Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Моладзь стане рухавіком перамен у Беларусі – Ціханоўская

11.05.2026 17:26
Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у форуме «Моладзь, гендар і дэмакратыя для Беларусі» ў Стакгольме.
      , 11  2026 .
Святлана Ціханоўская выступае на форуме ў Стакгольме, 11 мая 2026 года. Крцніа: Прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Пра неабходнасць рэальных перамен у Беларусі з дапамогай дэмакратычных выбараў і вяртання ў еўрапейскую сям’ю, а таксама пра ролю беларускай моладзі, якая стане рухаючай сілай перамен, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 11 мая на форуме «Моладзь, гендар і дэмакратыя для Беларусі» ў Стакгольме (Швецыя).

Ціханоўская падзякавала Швецыі за тое, што яе ўлады адрозніваюць Беларусь ад Расіі, а беларускі народ ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе «Позірк».

— Ізалюючы Лукашэнку з дапамогай санкцый (а санкцыі маюць заставацца ў сіле), вы працягваеце дапамагаць беларускаму народу, — падкрэсліла дэмакратычная лідарка.

Палітык нагадала, што Швецыя далучылася да Міжнароднага гуманітарнага фонду, які дапамог сотням вызваленых з турмаў людзей.

— Гэтыя людзі прайшлі лячэнне і рэабілітацыю ды паступова вяртаюцца да нармальнага жыцця, — адзначыла яна. — Паколькі мы чакаем, што ў бліжэйшыя дні і тыдні будзе вызвалена новая група палітычных зняволеных, гуманітарная падтрымка Швецыі будзе мець вырашальнае значэнне, — дадала Ціханоўская.

Швецыя, паводле слоў палітыка, з’яўляецца другім паводле велічыні — пасля Еўрасаюза агулам — донарам, які падтрымлівае свабодную Беларусь.

— А нервовыя рэакцыі рэжыму — такія як прызнанне ЕГУ і SILC «экстрэмісцкімі арганізацыямі» — толькі даказваюць, што ваша праца дае плён. Няхай гэта вас не бянтэжыць. Гэта значыць, што вы мяняеце сітуацыю да лепшага. І гэта значыць, што мы не павінны скарачаць нашай супрацы — мы павінны яе ўмацоўваць, — падкрэсліла дэмлідар.

Ціханоўская канстатавала, што падтрымка Швецыі — гэта «не дабрачыннасць, а інвестыцыя», у тым ліку ва ўласную бяспеку гэтай скандынаўскай краіны, паколькі «адна толькі вайсковая моц нічога не значыць без людзей, гатовых адстойваць свае каштоўнасці».
Палітык заклікала інвеставаць у беларускую моладзь, якая «працягвае супраціўляцца — як унутры краіны, так і ў выгнанні».

— Яны плацяць высокую цану: турэмнае зняволенне, выгнанне, рэпрэсіі. Але нішто іх не спыніць. Яны растуць, як кветкі скрозь асфальт. Прыходзяць новыя людзі. Паўстае новае пакаленне — яшчэ больш смелае, творчае і еўрапейскае, — патлумачыла яна.

Паводле слоў дэмлідара, маладыя беларусы «хочуць удзельнічаць — у палітыцы, у грамадскім жыцці, у стварэнні перамен», таму трэба падтрымліваць іх, «ствараць магчымасці — праз стыпендыі, абмены, візы — усё, што збліжае беларусаў з Еўропай».

— Калі для Беларусі адчыніцца новае акно магчымасцей, мы маем быць гатовыя. Гатовыя з моцнымі дэмакратычнымі інстытутамі, моцнай грамадзянскай супольнасцю і моцнымі маладымі лідарамі, здольнымі ўзяць на сябе адказнасць, — падсумавала палітык.

На II Кангрэсе па палітвязнях у Беларусі 26 верасня 2025 года ў Варшаве было заяўлена, што за мінулыя да таго моманту паўтара года дзейнасці Міжнароднага гуманітарнага фонду сабрана больш за 2 млн 9 тыс. еўра, размеркавана звыш 1 млн 300 тыс.

Фонд быў створаны Нарвегіяй па ініцыятыве Ціханоўскай. Заснавальнікамі сталі ўрад Нарвегіі, Нарвежскае агенцтва па супрацы ў мэтах развіцця і Нарвежскі Хельсінкскі камітэт.

Сёлета ў студзені Ціханоўская падзякавала Нарвегіі, Даніі, Швецыі, Ісландыі, Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Люксембургу ды Іспаніі за дапамогу беларусам праз фонд.