У Міністэрстве па падатках і зборах (МПЗ) заявілі, што Італія спыніла дзеянне некаторых падатковых пагадненняў з Беларуссю. Пра гэта паведамляе «Зеркало» са спасылкай на сайт ведамства.
Пра якую падатковую «вайну» гаворка
У МПЗ нагадалі, што Беларусь з 1 чэрвеня 2024 года прыпыніла выкананне некаторых міжнародных дамоў пра пазбяганне падвойнага падаткаабкладання (яны дазваляюць пазбягаць сітуацыі, калі адны і тыя ж даходы падпадаюць пад зборы ў дзвюх розных краінах). Тэрмін дзеяння гэтага рашэння Мінска — да 31 снежня 2026 года.
Пад абмежаванні трапілі тры палажэнні — пра дывідэнды, пра працэнты і пра даходы ад адчужэння маёмасці. У спіс краін, з якімі Мінск прыпыніў выкананне некаторых палажэнняў міжнародных дамоў, увайшлі ў тым ліку Італія, ЗША, Францыя, Данія, Польшча, Швецыя, Бельгія, Літва, Латвія, Нідэрланды, Чэхія, Германія, Вялікабрытанія. Агулам — 27 краін.
Што адказалі ў Італіі
У МПЗ цяпер паведамілі, што «італьянскі бок праінфармаваў пра прыняцце рашэння прыпыніць дзеянне тых самых артыкулаў канвенцыі, дзеянне якіх прыпыніла Беларусь».
Раней такія рашэнні прынялі некаторыя іншыя краіны, у тым ліку Германія.
нг