Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская заклікала ЕС захаваць падтрымку для беларускіх незалежных СМІ

15.05.2026 09:12
Падчас сустрэчы ў Аахене Святлана Ціханоўская звярнулася да старшыні Еўрапейскай камісіі Урсулы фон дэр Ляен з заклікам захаваць падтрымку беларускіх незалежных медыя, грамадзянскіх, культурніцкіх і адукацыйных ініцыятываў.
Святлана Ціханоўская сустрэлася з Урсулай фон дэр Ляен@tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская абмеркавала з Урсулай фон дэр Ляен падтрымку беларускіх медыя і грамадзянскай супольнасці.

Цяпер у Еўрапейскім Саюзе абмяркоўваецца працяг фінансавання праграм падтрымкі для беларускіх арганізацыяў, журналістаў і дэмакратычных ініцыятываў. 

Ціханоўская падкрэсліла важнасць працы, якую працягваюць весці беларускія арганізацыі.

— Беларускія незалежныя медыя, праваабаронцы, адукацыйныя і культурніцкія ініцыятывы працягваюць працаваць і даносіць праўду да беларусаў нягледзячы на ціск, рэпрэсіі і выгнанне. Вельмі важна, каб Еўрапейскі Саюз працягваў гэтую падтрымку, — канстатавала яна.

Напярэдадні сустрэчы ў эфіры праграмы «Звычайная раніца» на аднайменным ютуб-канале 11 мая намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што аб’ём дапамогі ЕС беларускаму дэмакратычнаму руху ў 2027 годзе можа быць скарочаны ўдвая: з 30 да 15 млн еўра. Афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі няма.

У Беларусі ўсе буйныя незалежныя рэсурсы былі або закрытыя, або прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» і выціснутыя за мяжу, нагадвае Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Крыніца: Светлана Тихановская/юл