Беларуская Служба

Супрацоўніка ІТ-кампаніі з Гомеля зняволілі, імаверна, у «справе «Гаюна»

19.05.2026 16:01
Рэпрэсія звязаная з рэалізацыяй права на свабоду выказвання меркаванняў.
Уладзімір Новікgomelspring.org

У Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд 40-гадоваму жыхару Гомеля Уладзіміру Новіку. Карнікі абвясцілі яго вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса вырашылі зняволіць. Што канкрэтна прысудзілі мужчыну — пазбаўленне волі ў калоніі ці абмежаванне волі з накіраваннем у карную ўстанову — цяпер высвятляюць праваабаронцы, паведамляе «Гомельская Вясна».

Мяркуючы з частак артыкула, якія карныя структуры кіруючага ў Беларусі рэжыму выкарысталі ў якасці фармальнай падставы для рэпрэсіі, Уладзіміра Новіка маглі рэпрэсаваць у гучнай справе маніторынгавага канала «Беларускі гаюн», які адсочваў дзеянні расійскай арміі на тэрыторыі Беларусі перад і падчас здзяйснення ёю поўнамаштабнага ўзброенага ўварвання ва Украіну.

Многія жыхары Беларусі, і асабліва памежнай з Украінай Гомельшчыны, дзе канцэнтраваліся асноўныя сілы расійцаў, паведамлялі каналу інфармацыю пра іх перасоўванні. Але ўлады Беларусі ўжо праз 20 дзён пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну абвясцілі канал «экстрэмісцкім фарміраваннем» і пачалі пагражаць рэпрэсіямі тым, хто нешта паведамляў каналу.

Летась у лютым карнікі атрымалі несанкцыянаваны доступ да чату канала, у краіне пачалася хваля масавых затрыманняў і далейшых судоў над тымі, хто нешта паведамляў каналу.

Пераслед за паведамленні нейкаму інфармацыйнаму рэсурсу з’яўляецца грубым парушэннем уладамі Беларусі права на свабоду выказвання меркаванняў, якое ўключае ў тым ліку свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю. Гэтае права гарантаванае кожнаму артыкулам 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Уладзімір Новік скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту па спецыяльнасці «Прамысловае і цывільнае будаўніцтва», але пазней адвучыўся на ІТ-адмыслоўца ў Java Enterprise і працаваў у кампаніі Java Developed, якая распрацоўвае праграмнае забеспячэнне.

аз

Amnesty International: Колькасць пакаранняў смерцю ў свеце расце

18.05.2026 11:40
У мінулым годзе колькасць краін, якія ўжываюць смяротнае пакаранне, вырасла да 17.