Беларуская Служба

Эксперты Інстытуту вывучэння вайны адзначаюць паглыбленне кантролю Крамля над Беларуссю

22.05.2026 09:43
У 2027 годзе Масква і Мінск правядуць новыя вучэнні «Шчыт Саюза», якія могуць упершыню ўключаць ядзерны кампанент.
.   .
Ілюстрацыя. Расійская ядзерная зброя.Shujaa_777/ Shutterstock
Амерыканскі аналітычны цэнтр «Інстытут вывучэння вайны» адзначае паглыбленне расійскага кантролю над Беларуссю.

21 мая Расія і Беларусь завяршылі другі этап сумесных ядзерных вучэнняў. У іх узялі ўдзел Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка. Паводле Міністэрства абароны Расіі, расійскія войскі даставілі ў Беларусь ядзерныя боепрыпасы, а беларускія падраздзяленні адпрацоўвалі іх атрыманне і выкарыстанне для комплексаў «Іскандэр-М». Падчас вучэнняў Расія таксама правяла запускі міжкантынентальных і гіпергукавых ракет «Ярс», «Цыркон», «Кінжал», а таксама крылатых ракет з удзелам стратэгічнай авіяцыі і флоту.

Пуцін заявіў, што ў 2027 годзе Масква і Мінск правядуць новыя вучэнні «Шчыт Саюза», якія могуць упершыню ўключаць ядзерны кампанент.

Эксперты падкрэсліваюць: гэтыя вучэнні сведчаць пра паглыбленне кантролю Крамля над Беларуссю. Пасля змен у Канстытуцыі ў 2022 годзе Беларусь адмовілася ад статусу бяз’ядзернай дзяржавы і фактычна стала пляцоўкай для расійскай ваеннай інфраструктуры.

Тым часам Украіна працягвае наносіць удары па расійскай нафтавай інфраструктуры. Паводле Reuters, пасля атак украінскіх беспілотнікаў шэраг буйных нафтаперапрацоўчых заводаў у цэнтральнай Расіі быў вымушаны скараціць або спыніць працу. Гаворка ідзе пра прадпрыемствы, якія вырабляюць больш за 30 працэнтаў расійскага бензіну.

На гэтым фоне Масква ўсё больш выкарыстоўвае свае залатыя рэзервы для пакрыцця дэфіцыту бюджэту. Расійскі Цэнтрабанк паведаміў, што запасы золата скарачаюцца ўжо чацвёрты месяц запар і дасягнулі мінімуму з 2022 года. Аналітыкі звязваюць гэта з ростам выдаткаў на вайну супраць Украіны і ўзмацненнем санкцыйнага ціску.

нг