Як паведамілі ў Telegram-канале «Оперативний ЗСУ», Іван Уладзіміравіч Аненкаў нарадзіўся 9 верасня 1977 года і ваяваў пад пазыўным «Стары» ў 164-й асобнай мотастралковай брыгадзе Сухапутных войскаў Расіі (месца сталай дыслакацыі — Алейск, Алтайскі край), піша Свабода.
Згодна з інфармацыяй украінскага боку, палонны беларус паходзіць з Ваўкавыску. Як ён расказаў украінскім вайскоўцам, на кантракт трапіў з расійскай турмы, у якой адбываў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 5 гадоў за наўмыснае нанясенне шкоды здароўю. Ён адседзеў 2 гады і вырашыў падпісаць кантракт з расійскай арміяй. У Расію ён ездзіў на працу.
Яго ўзялі ў палон вайскоўцы 18-й брыгады Нацыянальнай гвардыі Украіны. Гэта адбылося на ліманскім кірунку, у раёне населенага пункта Ямпіль Краматорскага раёна Данецкай вобласці.
На першым жа баявым заданні Аненкаў атрымаў раненне і вярнуўся ў сваю вайсковую частку, удзельнічаў у прапагандысцкіх тэлевізійных рэпартажах. Потым яго вярнулі на фронт, дзе ён атрымаў другое раненне, пасля якога зноў вярнуўся на фронт.
Украінскія рэсурсы сцвярджаюць, што ён канфліктаваў з афіцэрамі праз тое, што яны не запаўнялі журнал баявых дзеянняў і ён не мог атрымаць грошы за раненні. Пасля скаргаў беларуса зноў адправілі на фронт. Калі Аненкаў разам з іншымі расійскімі вайскоўцамі спрабаваў замацавацца на пазіцыях, іх атакавалі ўкраінскія дроны. Пасля гэтага ён трапіў у палон.
Свабода/ав