Беларуская Служба

Беларусь задзейнічала авіяцыю для збіцця дронаў, якія залятаюць у Віцебскую вобласць

27.05.2026 14:55
Пра гэта паведамляюць чытачы «Нашай Нівы».
ДронShutterstock/Anelo&screen you tube/ news_ua

Жыхары Віцебскай вобласці ў апошнія дні назіралі працу штурмавых самалётаў, якія збівалі беспілотнікі, што рухаліся над вобласцю. Пра гэта «Нашай Ніве» паведамілі некалькі чытачоў.

Людзі ідэнтыфікавалі самалёты як Су-25. Гэты штурмавік прызначаны як для барацьбы з наземнымі цэлямі, так і для збіцця малахуткасных паветраных аб'ектаў.

Апошнія тыдні фіксуецца шмат залётаў дронаў з Расіі ў Беларусь і памежныя раёны Балтыі. Няясна, ці гэта ўкраінскія дроны, якія збіваюцца з маршрутаў пад уздзеяннем расійскіх сродкаў РЭБ, ці Расія запускае дроны мэтава пад выглядам украінскіх, каб тэставаць рэакцыю краін НАТА і падтрымліваць напружанасць.

Публічна паведамлялася пра некалькі інцыдэнтаў. Мяркуецца, што ў рэальнасці іх у дзясяткі разоў больш. Улады Беларусі нічога афіцыйна не паведамляюць, мясцовым СМІ забаронена пісаць пра інцыдэнты.

Працу беларускай авіяцыі назіралі ў некалькіх раёнах Віцебскай вобласці ў 20‑х днях мая.

Інструкцыі грамадзянскай абароны раяць: калі вы назіраеце набліжэнне дрона ці калі абвешчаная паветраная трывога, укрыйцеся ў сховішчы, сутарэнні, а калі гэта немагчыма, то ў памяшканні без вокнаў ці далей ад вокнаў.

яс