Беларуская Служба

Палітвязня Кірылу Ашурка асудзілі за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі

28.05.2026 13:30
Праваабаронцы паведамляюць пра тое, што адбываецца з палітвязнем Кірылам Ашуркам у зняволенні.
Кірыл Ашурак Фота з суда. belta.by

Як стала вядома «Вясне», на 26-гадовага палітзняволенага і фігуранта справы «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі» Кірыла Ашурка ў зняволенні адбываецца ціск. У магілёўскай калоніі № 15, дзе ён адбывае 13-гадовы тэрмін, яго перыядычна змяшчалі ў штрафны ізалятар, пасля яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, цяпер палітвязня асудзілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Паводле новага прысуду тэрмін ён будзе адбываць у калоніі строгага рэжыму № 9 у Горках.

Вядома, што ў Кірыла вельмі цяжкі стан здароўя. Ён мае шэраг сур'ёзных захворванняў, а напрыканцы 2025 года ў палітвязня здарыўся мікраінсульт. Паводле інфармацыі «Вясны», Кірыл не бачыўся з роднымі ўжо тры гады.

Нагадаем, у Мінскім абласным судзе 19 кастрычніка 2022 года распачаўся суд па справе «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі», якую ў Беларусі прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй.

Па справе праходзяць адразу пяць чалавек – Дзмітрый Сасноўскі, Аляксей Глотаў, Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак.

Агулам іх судзяць па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку, за тэрарызм. Ім інкрымінуюцца тры эпізоды — спроба падрыву вузла сувязі Вайскова-марскога флоту Расіі ў Вілейцы, замах на прапагандыста Рыгора Азаронка і спроба знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах.

Прысуд быў агучаны ў снежні 2022 года. Кірылу прызначылі 13 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Тэрмін палітвязня накіравалі адбываць у магілёўскую калонію № 15. Кірыла Ашурка ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».

аз

Суд у Кіеве адмовіўся вызваліць з-пад варты падазраваную ў шпіянажы беларускую журналістку Кардаш

28.05.2026 12:45
Іну Кардаш затрымалі сёлета 21 студзеня і выставілі ёй падазрэнні ў шпіянажы паводле ч. 1 артыкулу 114 Крымінальнага кодэкса Украіны.