Рада бяспекі ААН праводзіла дыскусію аб адстойванні мэтаў і прынцыпаў Статуту ААН і ўмацавання міжнароднай сістэмы. Сталы прадстаўнік Украіны ў ААН Андрэй Мельнік заклікаў Раду ўзмацніць ціск на Маскву і Мінск, каб папярэдзіць новую эскалацыю вайны, паведамляе «Свабода».
— Мы ўважліва сочым за дзеяннямі Расіі, накіраванымі на далейшае ўцягванне Беларусі ў агрэсію супраць Украіны. Гэта яшчэ адно трывожнае пытанне і яшчэ адна новая пагроза, на якую я хацеў бы звярнуць увагу Рады бяспекі, — працытавала Андрэя Мельніка агенцтва «Укрінформ».
Паводле яго, рэжым Лукашэнкі фактычна адмовіўся ад суверэнітэту, калі дазволіў Маскве выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі, яе вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору. Мельнік адзначыў, што Крэмль усё актыўней падштурхоўвае Беларусь да больш глыбокага ўцягвання ў вайну, у тым ліку, праз мабілізацыйныя захады, разгортванне сучасных ракетных сістэм і вучэнні, звязаныя з ядзернай зброяй.
— Гэта стварае новую, беспрэцэдэнтную пагрозу не толькі Украіне, а і для еўрапейскай бяспекі, — падкрэсліў украінскі дыпламат. — На любую атаку з поўначы будзе тэрміновы і рашучы адказ, а рэжым у Мінску сутыкнецца з разбуральнымі наступствамі, — папярэдзіў Андрэй Мельнік.
У сваю чаргу намеснік сталага прадстаўніка Беларусі ў ААН Аляксей Панфёраў заявіў, што Беларусь «робіць свой унёсак ва ўмацаванне міру, устойлівага развіцця і міжнароднай супрацы не на словах, а на справе, актыўна прасоўваючы ідэю аднаўлення шырокага міжнароднага дыялогу па аднаўленні захадаў даверу, бяспекі і супрацы на еўразійскай прасторы».
Беларускі дыпламат не згадаў аб размяшчэнні расійскай ядзернай зброі ў Беларусі, што парушае міжнароднае права ў гэтай сферы, але выказаў шкадаванне з нагоды «правала спробаў ухваліць у ААН выніковы дакумент 11-й Канферэнцыі па разглядзе дзеяння дагавору аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі (ДНЯЗ).
Прадстаўнік Беларусі ў чарговы раз заявіў аб неабходнасці скасавання санкцый, як з’явы, бо яны падрываюць «стабільнасць і ўстойлівае развіццё».
аз