Ужо больш за два месяцы «Гомельаблдарбуд» спрабуе знайсці выканаўцу работ па капітальным рамонце моста праз Убарць у Лельчыцкім раёне. Чарговы тэндар аб'яўлены на 1 чэрвеня, заўважыў «Флагшток».
Мост знаходзіцца паміж вёскамі Маркаўскае і Картынічы. У яго капрамонт гатовы ўкласці больш за 3,5 млн рублёў (звыш 1,2 млн долараў). Пры гэтым Картынічы, да якой вядзе дарога, — глухая маленькая вёска, крайняя кропка раёна, пасля якой цывілізацыя заканчваецца. Вакол — каналы, балоты, лясы.
Дакладна тут праходзіць памежная паласа беларуска-ўкраінскай мяжы. Дарэчы, менавіта ў Картынічах у 2024 годзе, як заяўлялі дзяржрэсурсы, была затрымана «дыверсійна-разведвальная група».
У выніку былі затрыманыя двое грамадзян Украіны — бацька і сын Сяргей і Павел Кабарчук, якіх назвалі агентамі СБУ.
Жалезабетонны мост, аб якім ідзе гаворка, мяркуецца пашырыць пры рамонце. Плануецца, што работы пачнуць у ліпені і завершаць да лютага 2027 года.
Ва ўкладаннях да тэндару пераблытаная дакументацыя — прымацаваныя файлы адносна іншага абʼекта, маста ў Брагінскім раёне, таксама паблізу мяжы з Украінай. Але патрэбную дакументацыю па мосце праз Убарць «Флагшток» знайшоў у папярэдніх закупках.
Цікава, што абодва масты запланавалі адрамантаваць яшчэ некалькі гадоў таму. У прыватнасці, рашэнне па мосце ў Лельчыцкім раёне было прынята ў снежні 2022 года.
яс