Прэсавая служба Аб’яднанага пераходнага кабінету паведаміла, што ў Кіеве адбылася іх сустрэча з Камітэтам Вярхоўнай Рады па пытаннях еўраінтэграцыі і міжфракцыйным аб’яднаннем «За дэмакратычную Беларусь».
— Важна было тое, што добраахвотнікі і ветэраны распавялі пра ўласны досвед і праблемы, з якімі сутыкаюцца падчас службы, пасля раненняў, пры праходжанні працэдур легалізацыі і ў пытаннях сацыяльнай абароны, — гаворыцца ў рэлізе.
Таксама гаворка ішла аб праблемах міграцыйнага заканадаўства, «абмяркоўваліся пытанні прававога статусу, доступу да дзяржаўных сэрвісаў, банкаўскіх паслуг, сацыяльных гарантый і магчымасцяў доўгатэрміновага знаходжання ва Украіне» для ваяроў і іх сем’яў.
— Асобнай тэмай стала становішча сем’яў беларускіх добраахвотнікаў, якія знаходзяцца ў расійскім палоне або лічацца зніклымі без вестак, — адзначае АПК.
Удзельнікі звярнулі ўвагу на прававыя і сацыяльныя цяжкасці, з якімі яны сутыкаюцца, а таксама на неабходнасць выпрацоўкі дадатковых механізмаў падтрымкі.
— Праблемы беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне даўно выйшлі за межы асобных выпадкаў, — лічыць прадстаўніца АПК Вольга Зазулінская, якая ўдзельнічала ў сустрэчы.
Паводле яе, «людзі, якія прынялі рашэнне абараняць Украіну, павінны разумець, што дзяржава здольная гарантаваць ім і іх родным базавую прававую і сацыяльную бяспеку».
Удзельнікі «дамовіліся працягваць працу для вырашэння праблемаў у межах далейшага дыялогу паміж украінскім бокам і прадстаўнікамі дэмакратычных сіл Беларусі».
Тэма ўздымалася падчас візіту ў Кіеў дэмлідара Святланы Ціханоўскай 25–26 траўня.
— Абмеркавалі сітуацыю з беларускімі добраахвотнікамі, вырашэнне іх праблем, якія знаходзяцца ў расійскім палоне, магчымасці іх абмену, а таксама магчымасці вызвалення або абмену палітвязняў у беларускіх турмах, асуджаных за падтрымку Украіны, — паведамлялася па выніках сустрэчы ў Каардынацыйным штабе па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі.
Крыніца: «Позірк»/юл