Беларуская Служба

Былы супрацоўнік КДБ будзе кіраваць Купалаўскім тэатрам?

01.06.2026 16:23
Гэта ўжо чарговы выпадак, калі ў кіраўніцтва беларускіх культурных устаноў вызначаюць спецслужбістаў.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ў МінскуAutorstwa Liashko - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=28878530

Намеснікам дырэктара Купалаўскага тэатра стаў Віктар Друзік. Падобна, гэта спецслужбіст, які ў мінулым быў начальнікам аддзела ўласнай бяспекі КДБ.

Па звестках, якія «Люстэрка» атрымала ад «Кіберпартызан», поўны цёзка гэтага чалавека — Віктар Васільевіч Друзік, нарадзіўся ў 1956-м. Да канца нулявых гадоў ён быў супрацоўнікам КДБ. У 2010–2019 гадах працаваў у гандлёвым доме «Усходні», які належыць Кіраўніцтву справамі Лукашэнкі, дзе займаў пасаду намесніка дырэктара. З лістапада 2021 да лістапада 2024 года быў звязаны з спартыўна-аздараўленчым комплексам «Фрыстайл».

Чалавек з такімі ж дадзенымі згадваецца на сайце «Узнагароды Беларусі». Там ён фігуруе як начальнік аддзела ўласнай бяспекі КДБ, падпалкоўнік юстыцыі, узнагароджаны ў 1997-м годзе медалём «За бездакорную службу» I ступені.

Выглядае, што цяпер гэты чалавек прыйшоў у Купалаўскі тэатр. На сайце калектыва ў Віктара Друзіка няма партрэта і не запоўненая біяграфія.

Прызначэнне сілавікоў у кіраўніцтва беларускіх тэатраў  новы трэнд ад уладаў. Вядома, як мінімум, аб чацвярых такіх людзях.

Намеснікамі дырэктара Нацыянальнага тэатра оперы і балета Беларусі працуюць два падпалкоўнікі міліцыі. Гэта Вадзім Мартысевіч (ён сыходзіў з органаў з пасады начальніка аддзела ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння Спецліцэя МУС), і Дзмітрый Кіслы, які раней быў начальнікам цэнтра культурна-выхаваўчай працы МУС.

Маёр міліцыі Вячаслаў Леаненка, які працаваў экспертам-крыміналістам у сталічным РУУС, з красавіка 2026-га ўзначальвае Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.

У 2024-м намеснікам дырэктара па бяспецы, рэжыме і кадрах сталічнага Горкаўскага тэатра стаў Юрый Петрашэўскі. Праверка праз бот «Вока змагара», створаны «Кіберпартызанамі», паказала, што ён быў намеснікам начальніка аддзела ўнутраных спраў Мядзельскага райвыканкама ў званні падпалкоўніка міліцыі.

яс