Беларуская Служба

У Беларусі вызначылі тры пляцоўкі для захоўвання ядзерных адходаў

02.06.2026 08:41
Cпецыялісты рыхтуюць справаздачу па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. 
.
Ілюстрацыя.Фота: Shutterstock

Беларусь вызначыла тры перспектыўныя пляцоўкі для будаўніцтва месца захоўвання радыеактыўных адходаў. Пра гэта падчас круглага стала паведаміў дырэктар БелРАО Міхаіл Кісель, піша БелТА.

Адна з пляцовак знаходзіцца недалёка ад Беларускай АЭС у Астравецкім раёне. Другая — у Мсціслаўскім, яшчэ адна — у Хойніцкім, побач з Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведнікам.

Паводле слоў Міхаіла Кіселя, цяпер спецыялісты рыхтуюць справаздачу па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе будучага пункта пахавання радыеактыўных адходаў. Пасля гэтага будзе праведзена працэдура грамадскіх абмеркаванняў. Пры гэтым прадпрыемства ўжо цяпер праводзіць растлумачальныя сустрэчы з жыхарамі раёнаў, дзе вызначаны перспектыўныя пляцоўкі.

Як адзначыў Міхаіл Кісель, пункт пахавання — гэта высокатэхналагічны інжынерны аб’ект, які будзе мець шматбар’ерную структуру і гарантуе бяспечнае захоўванне адходаў на дзесяцігоддзі, пакуль будзе захоўвацца радыяцыйная актыўнасць.

Для гэтага пры неабходнасці, адходы змешваюць з цэментным матэрыялам, змяшчаюць у бяспечныя кантэйнеры, а затым — у спецыяльнае сховішча.

Хартыя’97 нагадвае, што жыхароў Хойнікаў да будаўніцтва ядзернага магільніка рыхтуюць паціху.