Турмы бываюць не толькі тыя, куды дыктатары саджаюць людзей, але бываюць і такія, куды саджаюць дыктатараў, як гэта адбылося з Мілошавічам менавіта тут – у Гаазе. Такім чынам дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі, напісаў у Telegram-канале дэмакратычнай лідаркі Беларусі перад яе візітам у Нідэрланды.
— Менавіта таму Святлана Ціханоўская зараз знаходзіцца ў Гаазе, каб паразмаўляць з міжнароднымі партнёрамі пра адказнасць рэжыму Лукашэнкі і для таго, каб ён нарэшце атрымаў гэтыя «квіткі» ў Гаагу, — сказаў Дзяніс Кучынскі.
Нагадваем, міжнародная адказнасць рэжыму Лукашэнкі была адной з тэмаў, якія Святлана Ціханоўская абмеркавала падчас сустрэчы з новым прэм’ерам Нідэрландаў Робам Йетэнам.
Акрамя таго бакі абмеркавалі:
– падтрымку Украіны і Беларусі ў кантэксце агульнай еўрапейскай бяспекі;
– дапамогу беларускім незалежным медыя, грамадзянскай супольнасці і праваабарончым арганізацыям;
– магчымае далучэнне Нідэрландаў да Міжнароднага гуманітарнага фонду для дапамогі беларускім палітвязням, былым палітзняволеным і іх сем’ям;
– паслядоўнасць палітыкі ЕС адносна Беларусі і неабходнасць захоўваць Беларусь у фокусе міжнароднага парадку дня.
Святлана Ціханоўская таксама заклікала прэм’ер-міністра Нідэрландаў быць моцным голасам свабоднай Беларусі ў Еўрасаюзе — у тым ліку падчас пасяджэнняў Еўрапейскай Рады і іншых міжнародных сустрэчаў.
Ціханоўская таксама адзначыла ролю і падзякавала Амбасадзе Нідэрландаў у Варшаве за супольныя мерапрыемствы і ініцыятывы з грамадскімі арганізацыямі.
Асобна абмеркавалі ролю Нідэрландаў як краіны, якая можа дапамагаць узмацняць сувязь паміж краінамі Балтыі, Польшчай, Паўночнай Еўропай і Заходняй Еўропай у пытаннях Беларусі.
аз