Беларуская Служба

Звужаецца геаграфія паставак прадуктаў беларускіх канцэрнаў

03.06.2026 16:12
Напрыклад, прадукцыя прадпрыемстваў канцэрна «Беллегпрам» пастаўляецца больш чым у 60 краін, алем 91% экспарту прыпадае на Расію.
Ілюстрацыйнае фотаObraz Santosh Sharma z Pixabay/CC0

Такія звесткі прывяла старшыня канцэрна Надзея Лазарэвіч на прэс-канферэнцыі 3 чэрвеня. Паводле яе інфармацыі, у першым квартале 2026 года экспарт прадпрыемстваў канцэрна ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года вырас у 1,5 раза.

Асноўнымі экспартнымі пазіцыямі, паводле слоў кіраўніка канцэрна, з’яўляюцца льняная, гарбарная, панчошна-шкарпэткавая прадукцыя, скураная галантарэя.
Лазарэвіч прызнала нізкі ўзровень сярэдняй зарплаты па галіне, якая за першы квартал 2026 года склала менш за 2 тыс. рублёў супраць 2,8 тыс. у сярэднім па краіне.

Лазарэвіч заявіла пра наяўнасць у галіне стратных прадпрыемстваў. Асноўным праблемным прадпрыемствам чыноўніца назвала СТАА «Белвест«, на якім канцэрн «актыўна займаецца навядзеннем парадку». «Няпростая сітуацыя«, паводле яе слоў, назіраецца на нядаўна ўключаным у склад канцэрна ААТ «Світанак».

У 2024 годзе прадукцыя беларускай лёгкай прамысловасці пастаўлялася ў 73 краіны, годам раней — у 77, сведчыць праведзены «Позіркам» аналіз дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Паводле інфармацыі Белстата, у 2022 годзе айчынныя тавары гэтай галіны экспартаваліся ў «больш чым 90 краін».

Такім чынам, колькасць краін–імпарцёраў прадукцыі беларускай лёгкай прамысловасці працягвае зніжацца.

Крыніца: «Позірк»/юл