Лукашынкаўскія сілавікі пачалі прыходзіць і выклікаць «на размову» ў КДБ як дзейных студэнтаў і выкладчыкаў, так і тых, хто скончыў сваё супрацоўніцтва з навучальнай установай.
Паводле інфармацыі ПЦ «Вясна», па факце супрацоўніцтва з ЕГУ сілавікі пачалі крымінальную справу.
Тэлеграм-канал @MAYDAYMog напісаў пра ператрус у бацькоў аднаго з выпускнікоў, якія жывуць у буйным беларускім горадзе. Да іх прыйшлі два чалавекі, якія назваліся супрацоўнікамі КДБ. Пры гэтым ніякіх дакументаў яны не прад'явілі, а імя і прозвішчы называць адмовіліся.
Сілавікі адразу далі зразумець, што ператрус праводзіцца ў межах крымінальнай справы за супрацоўніцтва з «экстрэмісцкім фармаваннем» ЕГУ. Пасля заканчэння вобшуку, ніякія дакументы на рукі бацькам выдадзены не былі.
Сілавікі запатрабавалі, каб выпускнік даслаў ім электронным спосабам копію дыплома, які пацвярджае заканчэнне навучання ва ўніверсітэце — у такім выпадку, малады чалавек нібыта пазбегне пакарання.
Праваабаронцы заклікаюць звязвацца з імі былых і дзейных студэнтаў або выкладчыкаў установы, якія сутыкаліся ў Беларусі з допытамі, ператрусамі, выклікамі «на размову» з-за навучання ці працы ў ЕГУ, пішучы на @ViasnaSOS ці @Viasnainfo.
Крыніца: ПЦ «Вясна»/юл