Беларуская Служба

Літва: Ціску з боку ЗША на аднаўленне транзіту беларускага калію няма

05.06.2026 08:55
Заява прагучала пасля паведамленняў СМІ пра тое, што амерыканскія прадстаўнікі нібыта абмяркоўвалі з Літвой, Польшчай і Украінай магчымасць змякчэння абмежаванняў на пастаўкі беларускага калію
 .  .
Калійныя ўгнаенні. Ілюстрацыйны здымак.фота: Pixabay.com/CatKosianok

Міністр транспарту Літвы Юрас Тамінскас заявіў, што не атрымліваў ніякіх сігналаў ад ЗША наконт магчымасці аднаўлення транзіту беларускіх калійных угнаенняў праз літоўскую тэрыторыю. Паводле яго, не было ні афіцыйных лістоў, ні тэлефонных званкоў, ні іншых зваротаў па гэтым пытанні, паведамляе партал delfi.lt.

Заява прагучала пасля паведамленняў СМІ пра тое, што амерыканскія прадстаўнікі нібыта абмяркоўвалі з Літвой, Польшчай і Украінай магчымасць змякчэння абмежаванняў на пастаўкі беларускага калію. Аднак Тамінскас падкрэсліў, што такія дыскусіі цяпер не маюць практычнага значэння, бо санкцыі ЕС супраць беларускага калійнага сектара застаюцца ў сіле, як мінімум, да лютага наступнага года.

Раней кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс казаў пра зацікаўленасць ЗША ў тэме паставак угнаенняў, аднак і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заяўляў, што Вільня не адчувае ціску з амерыканскага боку.

Тэма зноў стала актуальнай пасля таго, як у сакавіку адміністрацыя Дональда Трампа адмяніла частку фінансавых абмежаванняў супраць «Беларуськалія». Гэта выклікала цікавасць шэрагу амерыканскіх кампаній да закупак і лагістыкі беларускай прадукцыі, але ў Еўропе санкцыйны рэжым пакуль застаецца нязменным.

эж


Bloomberg: ЗША праз Украіну хочуць аслаблення санкцый супраць беларускага калію

20.05.2026 17:22
Вашынгтон лічыць, што частковае аднаўленне экспарту беларускага калію магло б аслабіць залежнасць Мінска ад Масквы і палепшыць адносіны з беларускімі ўладамі.