Святлана Ціханоўская выказала падзяку за стварэнне беларускага прыходу Канстанцінопальскага патрыярхату ў Вільні і падкрэсліла, што царква мае асаблівае значэнне для беларусаў, якія вымушаныя жыць у выгнанні. Пра гэта «Белсату» расказаў дарадчык Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі, які таксама перадаў патрыярху Канстанцінопальскаму падарунак ад лідаркі дэмакратычных сіл.
Дзяніс Кучынскі назваў сустрэчу з патрыярхам Варфаламеем вялікім гонарам. Паводле яго, гэты візіт стаў важным сімвалам падтрымкі для беларускіх праваслаўных вернікаў Канстанцінопальскага патрыярхату і для беларускай грамады ў Вільні.
На яго думку, сустрэча дапаможа беларускім вернікам адчуваць сябе больш упэўнена, бо ў іх ёсць свой прыход і новая супольнасць. Ён таксама дадаў, што з размоў з вернікамі бачыць: гэта сапраўды жывая і згуртаваная супольнасць.
Патрыярху падарылі слуцкі пояс — адзін з сімвалаў Беларусі, яе гісторыі і спадчыны Вялікага Княства Літоўскага.
— Слуцкі пояс — гэта асобная цікавая гісторыя. Ён з Варшавы, яго прывезлі сёння ўначы. Гэта праца майстра, які робіць такія паясы ў Варшаве. Пояс быў вышыты адмыслова для гэтай сустрэчы: у залатым колеры, спецыяльна пад гэтую падзею, — сказаў Кучынскі.
6 чэрвеня Канстанцінопальскі патрыярх Варфаламей прыбыў у Вільню з двухдзённым візітам, падчас якога сустрэўся з мясцовай праваслаўнай супольнасцю, што знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Канстанцінопальскага патрыярхату, у тым ліку прадстаўнікамі беларускага прыходу.
вс