Беларуская Служба

Беларусь можа адмовіцца ад польскіх яблыкаў і іспанскіх памідораў

08.06.2026 18:16
Паводле дадзеных за 2025 год, Беларусь закупіла ў Польшчы яблыкаў на 51,8 млн долараў і кавы на 71,7 млн долараў.
Яблыкі955169/pixabay.com/CC0

Улады Беларусі плануюць у найбліжэйшыя гады скараціць імпарт садавіны, гародніны і рыбы з так званых «несяброўскіх» краін. Пра гэта заявіла намесніца міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Наталля Шаўцова. Замяніць польскія яблыкі, іспанскія памідоры і частку еўрапейскай рыбы прапануюць пастаўкамі з «сяброўскіх» дзяржаў і ўласнай вытворчасцю.

Аднак эканаміст Аляксандр Кныровіч лічыць такую ідэю рызыкоўнай, паведамляе тэлеканал «Белсат». Паводле адмыслоўца, беларускі рынак залежыць ад імпарту шэрагу прадуктаў, а абмежаванні могуць прывесці да росту цэн і дэфіцыту. Польскія яблыкі часта каштуюць танней за беларускія дзякуючы вялікім аб’ёмам вытворчасці і ніжэйшаму сабекошту.

Паводле дадзеных за 2025 год, Беларусь закупіла ў Польшчы яблыкаў на 51,8 млн долараў і кавы на 71,7 млн долараў. Акрамя таго, імпартаваліся таматы, замарожаная гародніна, цытрусавыя і іншыя прадукты.

Кныровіч таксама звяртае ўвагу, што поўнае імпартазамяшчэнне можа запатрабаваць значных бюджэтных выдаткаў без гарантыі эканамічнай эфектыўнасці.

эж