Беларуская Служба

Для дзяцей палітвязняў сабралі больш за 10 тыс. еўра

08.06.2026 13:33
Першапачаткова арганізатары планавалі сабраць 10 тыс. еўра, аднак пасля паспяховага старту мэта была павялічаная спачатку да 12 тысяч, а цяпер — да 17 100 еўра.
 .
Ілюстрацыйнае фота.rowerowymaj.eu

Фонд салідарнасці BySol сабраў ужо 10 010 еўра на падтрымку дзяцей беларускіх палітвязняў. Кампанія распачалася 5 траўня і была прымеркаваная да Дня абароны дзяцей і пачатку летніх канікулаў, паведамляе выданне «Позірк».

Першапачаткова арганізатары планавалі сабраць 10 тыс. еўра, аднак пасля паспяховага старту мэта была павялічаная спачатку да 12 тысяч, а цяпер — да 17 100 еўра. Прадугледжваецца, што кожнае дзіця атрымае дапамогу ў памеры 100 еўра.

На сёння падтрымку ўжо атрымалі 73 дзіцяці са 166, якія маюць права на ўдзел у праграме. Дапамога прызначана сем’ям палітвязняў, былым палітвязням, вызваленым пасля 1 студзеня 2024 года, а таксама асобным катэгорыям бацькоў, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі.

Фонд BySol традыцыйна праводзіць такія зборы перад летнімі канікуламі, пачаткам навучальнага года і навагоднімі святамі. Летась перад канікуламі фонд сабраў сродкі для 252 дзяцей палітвязняў.

эж