Мужчына, якога польскія следчыя падазраюць у смяротным раненні польскага вайскоўца Матэвуша Сітка на мяжы з Беларуссю, можа знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта паведамляе польская радыёстанцыя RMF FM са спасылкай на ўласныя крыніцы ў следстве.
Паводле выдання, асобу падазраванага ўдалося ўстанавіць яшчэ некалькі месяцаў таму. Ідзе гаворка пра грамадзяніна адной з краін Паўночнай Афрыкі. Следчыя дапыталі больш за 140 чалавек у Польшчы і за яе межамі.
У ліпені мінулага года яму завочна выставілі абвінавачанне, суд выдаў ордар на арышт, а таксама быў накіраваны Еўрапейскі ордар на затрыманне. У снежні Варшава звярнулася да Мінска з просьбай арыштаваць і выдаць падазраванага, аднак адказу не атрымала. У траўні расследаванне было прыпыненае.
21-гадовы Матэвуш Сітэк быў смяротна паранены нажом падчас спробы спыніць нелегальнае перасячэнне польска-беларускай мяжы ў раёне Дубічаў Царкоўных у траўні 2024 года. Праз некалькі дзён ён памёр у шпіталі. Польскія следчыя не выключаюць, што допыт падазраванага мог бы праліць святло на ролю беларускіх спецслужбаў у міграцыйным крызісе на мяжы.
эж