Прыгавор былому кіраўніку баранавіцкай незалежнай газеты Intex-Press Уладзіміру Янукевічу — 14 гадоў пазбаўлення волі — пакінуты без змяненняў, яго калегу Андрэю Пакаленку зменшаны з 12 да 11 гадоў.
Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), такое рашэнне 8 чэрвеня прыняла калегія Вярхоўнага суда па выніках разгляду іх апеляцыйных скаргаў. Слуханні доўжыліся два дні, паведамляе «Позірк».
Брэсцкі абласны суд вынес прыгавор Янукевічу і Пакаленку 26 лютага 2026 года. Апрача зняволення мужчынам прызначаныя штрафы: першаму — 3 тыс. базавых велічынь (135 тыс. рублёў), другому — 1 тыс. базавых велічынь (45 тыс.). Абодвум інкрымінавалася «здрада дзяржаве» (арт. 356 КК).
БАЖ таксама паведамляў, што «ёсць інфармацыя аб велізарным агульным спагнанні ў памеры каля 200 тыс. рублёў».
Янукевічу 65 гадоў. Ён быў дырэктарам і галоўным рэдактарам рэгіянальнай газеты Intex-Press. 44-гадовы Пакаленка працаваў у выданні намеснікам дырэктара па развіцці. Пасля ліквідацыі газеты ўладамі медыяменеджары стварылі навінавы рэгіянальны партал bar24.by.
Сайт bar24.by апошні раз абнаўляўся 8 снежня 2024 года. 13 студзеня 2025-га ён перастаў адкрывацца. Незалежных баранавіцкіх журналістаў пераследуюць з 2020 года.
Сёлета у сакавіку Янукевіча і Пакаленку прызналі палітзняволенымі.
Паводле дадзеных БАЖ, зараз за кратамі знаходзіцца 21 прадстаўнік СМІ.
вс