Увечары 9 чэрвеня пачаўся візіт дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай у Чэхію, паведаміла прэс-служба палітыка.
Візіт працягнецца да 11 чэрвеня. Праграма прадугледжвае сустрэчы Ціханоўскай з прэзідэнтам Чэхіі Пятром Павелам, спікерам Сената Мілашам Выстрчылам, міністрам замежных спраў Пятром Мацынкам, мэрам Прагі Багуславам Свабодай, а таксама беларусамі, якія пражываюць у краіне, паведамляе «Позірк».
Чакаецца, што дэмлідарка таксама выступіць перад камітэтам па замежных справах, абароне і бяспецы Сената, наведае дзве беларускія выставы, возьме ўдзел у публічнай дыскусіі ў бібліятэцы Вацлава Гавела ў Празе, дасць шэраг інтэрв’ю СМІ і ўручыць узнагароду беларускаму перакладчыку і журналісту Сяргею Шупе, які пражывае ў Чэхіі.
Ціханоўская сустракалася з кіраўніком МЗС Чэхіі Мацынкам у лютым гэтага года ў Мюнхене, дзе праходзіла Міжнародная канферэнцыя па бяспецы. Тады яна запрасіла суразмоўцу наведаць Місію беларускіх дэмакратычных сілаў у Чэхіі, а той запрасіў яе ў Прагу.
вс