Больш беларусаў лічаць часткай сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці спадчыну Вялікага Княства Літоўскага, чым Расійскай імперыі. Пра гэта сведчыць новае даследаванне Civitta Institute, пра вынікі якога паведамляе «Радыё Свабода».
Паводле апытання, 32% рэспандэнтаў назвалі важным элементам беларускай ідэнтычнасці прыналежнасць да ВКЛ, тады як толькі 23% звязваюць сябе са спадчынай Расійскай імперыі. Адначасова 67% апытаных лічаць сябе еўрапейцамі, а 87% — славянамі.
Даследчыкі адзначаюць, што ўяўленне пра Беларусь як частку еўрапейскай культурнай прасторы грунтуецца не толькі на геаграфіі, але і на гістарычных сімвалах. Сярод іх — замкі, касцёлы, помнікі эпохі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, а таксама хрысціянская спадчына.
Апытанне таксама паказала, што ў беларускім грамадстве працягваюць канкураваць некалькі мадэляў ідэнтычнасці. Паводле аўтараў даследавання, побач з «бел-чырвона-белай» і «чырвона-зялёнай» застаецца ўплывовай і імперская ідэнтычнасць, якая арыентуецца на расійскую гістарычную традыцыю.
эж