Беларуская Служба

ЗША абвясцілі пра санкцыі супраць зарэгістраванай у Беларусі кампаніі і яе супрацоўніка за спробы закупіць зброю для Ірану

11.06.2026 11:24
10 чэрвеня Злучаныя Штаты абвясцілі пра санкцыі супраць 13 фізічных і юрыдычных асобаў, некаторыя з якіх звязаныя з Беларуссю.
.
.pixabay.com/CC0

Як гаворыцца ў паведамленні Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, гэтыя юрыдычныя і фізічныя асобы імкнуліся знайсці і набыць зброю, у тым ліку партатыўныя зенітна-ракетныя комплексы (ПЗРК), ад імя іранскага Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР).

У паведамленні называецца зарэгістраванае ў Беларусі таварыства з абмежаванай адказнасцю «Армары Альянс» (Armory Alliance), супраць якога Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША 8 траўня ўвяло санкцыі за дапамогу «вайсковым структурам Ірану ў набыцці зброі, а таксама матэрыялаў, якія прымяняюцца ў беспілотніках серыі «Шахед« і праграме балістычных ракет».

Цяпер Дзяржаўны дэпартамент ЗША піша пра гэтую кампанію наступнае:

— Armory Alliance  гэта арганізацыя, размешчаная ў Беларусі, якая выступала пасярэднікам паміж кітайскімі кампаніямі і Іранам і садзейнічала набыццю сотняў партатыўных зенітна-ракетных комплексаў (ПЗРК) і іх дастаўцы з Кітая ў Іран, у тым ліку ў спробах накіраваць пастаўкі праз трэція краіны і схаваць іх паходжанне і сапраўднага канчатковага карыстальніка. Міністэрства фінансаў ЗША раней унесла Armory Alliance у спіс у адпаведнасці з Указам № 13382 ад 8 траўня 2026 года.

Таксама даецца наступнае тлумачэнне наконт аднаго з супрацоўнікаў Armory Alliance Махамадмахдзі Малекі (Mohammadmahdi Maleki):

— Махамадмахдзі Малекі  гэта грамадзянін Ірану, які пражывае ў Беларусі і, будучы супрацоўнікам Armory Alliance, унёс свой уклад у намаганні Armory Alliance па закупцы зброі на карысць Ірану. Міністэрства фінансаў ЗША раней унесла Махамадмахдзі Малекі ў спіс у адпаведнасці з Указам № 13382 ад 8 траўня 2026 года.

У паведамленні Міністэрства фінансаў ЗША ад 8 траўня таксама згадваўся выканаўчы дырэктар Armory Alliance, грамадзянін Беларусі Махамед Алі Талібаў (Mohammed Ali Tolibov), якога называлі «даўнім пасярэднікам у закупках зброі для Ірана ў Беларусі». У цяперашніх тлумачэннях Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША ягонага імя няма.

Armory Alliance была зарэгістраваная ў Мінску ў 2021 годзе. У якасці асноўнага віду дзейнасці заяўлены «аптовы гандаль іншымі машынамі ды абсталяваннем».

Свабода/ав