Як гаворыцца ў паведамленні Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, гэтыя юрыдычныя і фізічныя асобы імкнуліся знайсці і набыць зброю, у тым ліку партатыўныя зенітна-ракетныя комплексы (ПЗРК), ад імя іранскага Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР).
У паведамленні называецца зарэгістраванае ў Беларусі таварыства з абмежаванай адказнасцю «Армары Альянс» (Armory Alliance), супраць якога Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША 8 траўня ўвяло санкцыі за дапамогу «вайсковым структурам Ірану ў набыцці зброі, а таксама матэрыялаў, якія прымяняюцца ў беспілотніках серыі «Шахед« і праграме балістычных ракет».
Цяпер Дзяржаўны дэпартамент ЗША піша пра гэтую кампанію наступнае:
— Armory Alliance — гэта арганізацыя, размешчаная ў Беларусі, якая выступала пасярэднікам паміж кітайскімі кампаніямі і Іранам і садзейнічала набыццю сотняў партатыўных зенітна-ракетных комплексаў (ПЗРК) і іх дастаўцы з Кітая ў Іран, у тым ліку ў спробах накіраваць пастаўкі праз трэція краіны і схаваць іх паходжанне і сапраўднага канчатковага карыстальніка. Міністэрства фінансаў ЗША раней унесла Armory Alliance у спіс у адпаведнасці з Указам № 13382 ад 8 траўня 2026 года.
Таксама даецца наступнае тлумачэнне наконт аднаго з супрацоўнікаў Armory Alliance Махамадмахдзі Малекі (Mohammadmahdi Maleki):
— Махамадмахдзі Малекі — гэта грамадзянін Ірану, які пражывае ў Беларусі і, будучы супрацоўнікам Armory Alliance, унёс свой уклад у намаганні Armory Alliance па закупцы зброі на карысць Ірану. Міністэрства фінансаў ЗША раней унесла Махамадмахдзі Малекі ў спіс у адпаведнасці з Указам № 13382 ад 8 траўня 2026 года.
У паведамленні Міністэрства фінансаў ЗША ад 8 траўня таксама згадваўся выканаўчы дырэктар Armory Alliance, грамадзянін Беларусі Махамед Алі Талібаў (Mohammed Ali Tolibov), якога называлі «даўнім пасярэднікам у закупках зброі для Ірана ў Беларусі». У цяперашніх тлумачэннях Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША ягонага імя няма.
Armory Alliance была зарэгістраваная ў Мінску ў 2021 годзе. У якасці асноўнага віду дзейнасці заяўлены «аптовы гандаль іншымі машынамі ды абсталяваннем».
Свабода/ав