Кіраўнік фонду ByHelp Аляксей Лявончык расказаў пра дзіўную актыўнасць Тэлеграм-акаўнта зніклага Анатоля Котава.
Увечары 13 чэрвеня польскі нумар Котава ў Тэлеграме падсвяціўся як актыўны, але праз некалькі хвілін знік.
— З'явіўся польскі нумар, недзе каля 23:20 паводле лонданскага часу. І праз тры хвіліны выдаліўся. Я яго толькі ўбачыў, якраз сядзеў там пісаў па справах лісты. Гляджу, яго нумар, усё сыходзіцца. Прычым гісторыя вычышчаная. У нас з ім была гісторыя перапіскі, яна спынілася ў 2023 годзе, — расказаў Лявончык Reform.news.
Па словах Лявончыка, ён вырашыў пакуль не пісаць на нумар, а паназіраць, але праз тры хвіліны нумар быў выдалены.
— У маім разуменні гэта не перадача нумару іншай асобе, таму што ў Котава стаяла падвойная аўтэнтыфікацыя, я на 100% упэўнены. Проста абы-хто ў Тэлеграм бы не ўлез, калі б не меў доступу да падвойнай аўтэнтыфікацыі (...), — расказаў Лявончык.
Актыўнасць нумара падалася Лявончыку падазронай.
— Калі гэта Котаў, там была падвойная аўтэнтыфікацыя. Калі гэта не Котаў, то чаму ён адразу ж выдаліўся?
Анатоль Котаў — былы дыпламат, працаваў у МЗС Беларусі і ў пасольстве Беларусі ў Польшчы, а таксама ў адміністрацыі і Кіраўніцтве справамі Лукашэнкі, Нацыянальным алімпійскім камітэце і дырэкцыі Еўрапейскіх гульняў. У жніўні 2020 года ў знак пратэсту пайшоў у адстаўку, а ў эміграцыі далучыўся да Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, а затым — да Фонду спартовай салідарнасці.
Ён знік у жніўні мінулага года, калі выляцеў з Варшавы ў Стамбул. Тады ж перастаў выходзіць на сувязь. Паводле неафіцыйных звестак, са Стамбула Котаў адразу ж вылецеў у турэцкі порт Трабзон, а адтуль на прыватнай яхце адправіўся ў бок Сочы.
вс