Беларуская Служба

Былога міліцыянта з Гродна завочна асудзілі да 15 гадоў калоніі

15.06.2026 13:08
Гродзенскі абласны суд 12 чэрвеня ў межах спецыяльнай вытворчасці агучыў прысуд па справе былога міліцыянта з Гродна Міхаіла Куцко.
Міхаіл Куцкофота: Белсат

Яго абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК). Суд прызначыў Міхаілу 15 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму са штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (22 500 рублёў).

Паводле паведамлення Вярхоўнага суда, Куцко прызналі вінаватым «у выдачы замежнай дзяржаве і яе прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь і іншым аказанні дапамогі замежнай дзяржаве і яе прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна здзейсненымі грамадзянінам Рэспублікі Беларусь».

Летам 2020 года Міхаіл запісаў зварот да сваіх былых калегаў, у якім заклікаў іх быць «на баку народа». Пазней ён быў вымушаны з'ехаць з Беларусі.

Вясна/ав