Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Святлана Ціханоўская асудзіла начную атаку Расіі на Кіеў і пашкоджанне Кіева-Пячэрскай лаўры

15.06.2026 14:06
«Для ідэалогіі «рускага свету» не маюць значэння ні жыцці мірных людзей, ні культурная спадчына, ні гістарычная памяць», — заявіла Ціханоўская.
-
Кіева-Пячэрская лаўраPAP/EPA/SERGEY DOLZHENKO

Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская пракаментавала начную расійскую атаку на Кіеў, у выніку якой былі пашкоджаныя жылыя дамы, лініі электраперадачы і аб’екты культурнай спадчыны.

Паводле Ціханоўскай, без электрычнасці засталіся каля 140 тысяч чалавек, а сярод ахвяр ёсць мірныя жыхары, дзеці і ратавальнікі. Асобна яна звярнула ўвагу на пашкоджанне Кіева-Пячэрскай лаўры — аб’екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і аднаго з найстарэйшых манастыроў Усходняй Еўропы.

— Для ідэалогіі «рускага свету» не маюць значэння ні жыцці мірных людзей, ні культурная спадчына, ні гістарычная памяць, — заявіла Ціханоўская. Яна таксама адзначыла, што тыя, хто дэкларуе падтрымку «духоўных каштоўнасцяў», «прыносяць ракеты і падпальваюць святыя месцы».

На яе думку, атака на лаўру стала чарговым сведчаннем таго, што расійская агрэсія нясе пагрозу не толькі людзям, але і гісторыка-культурнай спадчыне. Ціханоўская падкрэсліла неабходнасць супрацьстаяць расійскай імперскай палітыцы і выказала салідарнасць з Украінай.

— Беларусы разам з Украінай у гэты цяжкі час. Сёння як ніколі важна заставацца разам — у абароне свабоды, праўды і ўсяго таго, што расійская агрэсія імкнецца знішчыць, — напісала Святлана Ціханоўская.

ав