Кіраўнік Бранскай вобласці Ягор Кавальчук заявіў, што ў выніку абстрэлу з боку ўкраінскіх сілаў пацярпеў аўтобус, у якім дзіцячая футбольная каманда з Гомеля ехала на адпачынак у Геленджык, паведамляе «Свабода».
— У выніку мэтанакіраванага ўдару загінула жанчына, якая суправаджала каманду. Параненыя 6 чалавек, у тым ліку чацвёра дзяцей. Усіх пацярпелых аператыўна адправілі ў лякарню, дзе ім аказалі неабходную медычную дапамогу, — паведаміў кіраўнік расійскага рэгіёну.
Іншых пасажыраў, паводле яго, накіруюць дадому.
Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, расійскі бок праінфармаваў аб інцыдэнце Міністэрства замежных справаў Беларусі. Ведамства ўдакладняе інфармацыю. Дзяржаўныя СМІ распаўсюдзілі фота з месца інцыдэнта.
Пазней афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Расіі Святлана Пятрэнка паведаміла аб завядзенні крымінальнай справы аб тэракце, згодна з артыкулам 205 Крымінальнага кодэкса Расіі.
Прадстаўніца Следчага камітэта ўдакладніла, што ў выніку атакі ўкраінскага дрона пацярпеў двухпавярховы аўтобус дзіцяча-юнацкай спартовай школы № 2 горада Рэчыцы. У ім знаходзіліся 44 пасажыры, у тым ліку 28 дзяцей-спартоўцаў. Пятрэнка пацвердзіла гібель адной жанчыны і шасці параненых.
У Міністэрстве здароўя Расіі паведамілі, што адзін паранены падлетак знаходзіцца ў цяжкім стане.
аз