Праваабарончы цэнтр «Вясна» нагадаў пра маштабы пераследу па так званай «справе Чорнай кнігі Беларусі». Паводле яго даных, за перадачу інфармацыі пра сілавікоў і чыноўнікаў праекту ЧКБ былі асуджаныя як мінімум 31 чалавек, з якіх 21 дагэтуль знаходзіцца за кратамі.
Праект «Чорная кніга Беларусі» з’явіўся ў 2020 годзе пасля масавых рэпрэсій і займаўся публікацыяй даных асобаў, якіх лічылі датычнымі да гвалту і фальсіфікацыі выбараў. Пазней высветлілася, што ў праект быў укаранёны супрацоўнік ГУБАЗіКу, праз якога сілавікі атрымлівалі інфармацыю пра людзей, што супрацоўнічалі з ініцыятывай.
Сярод асуджаных — былыя сілавікі, чыноўнікі, супрацоўнікі банкаў, адвакатка, пракурорка, айцішнікі і прадстаўнікі іншых прафесій. Многія атрымалі ад шасці да адзінаццаці гадоў калоніі. Праваабаронцы таксама паведамлялі пра выпадкі пабояў і катавання падчас затрыманняў.
За ўвесь час па гэтай справе былі памілаваныя толькі дзве жанчыны — грамадзянка Расіі Сафія Сапега і шматдзетная маці Ірэна Клявец. Астатнія асуджаныя працягваюць адбываць пакаранне. Акрамя таго, пяць кіраўнікоў праекта «Чорная кніга Беларусі» былі асуджаныя завочна на тэрміны да 12 гадоў пазбаўлення волі.
нг