Беларуская Служба

У Польшчы задавальняюць 86% прашэнняў беларусаў аб дазволе на жыхарства

19.06.2026 16:03
У сярэднім за месяц ваяводскія ўпраўленні выносяць па справах беларусаў каля 2 тыс. 400 пазітыўных рашэнняў.
Беларускія пашпартыЗдымак: Беларуская служба Польскага радыё

У Польшчы 86% прашэнняў беларусаў аб дазволе на жыхарстве ўсіх відаў атрымліваюць станоўчы адказ, паведамляе партал MOST са спасылкай на статыстычныя дадзеныя Упраўлення па справах іншаземцаў.

У перыяд са студзеня па май 2026 года беларусы атрымалі 12 тыс. 100 станоўчых рашэнняў. Адмовы складаюць менш за 10% заявак. Астатні працэнт — справы, па якіх прыпынены разгляд.

У зваротах на атрыманне часовага ДНЖ адмовы складаюць найменшую колькасць. Так, сёлета за пяць месяцаў пазітыўныя адказы па такіх прашэннях атрымалі 10 тыс. 100 чалавек — гэта 87,9% ад усіх разгледжаных спраў. Адмовы склалі 8,4%, астатнія справы прыпынілі.

У зваротах на атрыманне пастаяннага ДНЖ доля адмоваў складае 17,1%, а станоўчых рашэнняў — 77,1%. Гэты від ДНЖ за пяць месяцаў бягучага года атрымалі 1 тыс. 600 грамадзян Беларусі.

Таксама пазітыўныя рашэнні са студзеня па май вынесеныя па 380 заявах на атрыманне статусу доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС. Гэта складае 78,2% ад усіх разгледжаных спраў. Адмоўныя рашэнні склалі 11,1%.

У сярэднім за месяц ваяводскія ўпраўленні выносяць па справах беларусаў каля 2 тыс. 400 пазітыўных рашэнняў.

вс