Беларуская Служба

«Сістэмных змен не адбылося». Прайшоў год з пачатку масавых вызваленняў палітвязняў

21.06.2026 10:09
Для многіх вызваленне азначала не вяртанне дадому, а пачатак жыцця ў вымушанай эміграцыі.
. - .
Ілюстрацыя. Беларуска-літоўская мяжа.Фота: ПЦ «Вясна»

21 чэрвеня спаўняецца год з пачатку масавых вызваленняў беларускіх палітвязняў у межах перамоў паміж беларускімі ўладамі і ЗША. За гэты час, паводле праваабарончага цэнтра «Вясна», на волю выйшлі 440 чалавек, з якіх не менш за 205 былі прымусова вывезеныя за межы Беларусі.

Для многіх вызваленне азначала не вяртанне дадому, а пачатак жыцця ў вымушанай эміграцыі. Сярод вызваленых ёсць не толькі беларусы, але і грамадзяне Украіны, ЗША, Польшчы, Літвы, Латвіі, Японіі, Швецыі, Эстоніі і іншых краін.

Юрыст «Вясны» Павел Сапелка лічыць, што гэтыя вызваленні не сведчаць пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Паводле яго слоў, рэпрэсіўны механізм працягвае дзейнічаць на поўную магутнасць: суды выносяць новыя палітычна матываваныя прысуды, колькасць палітвязняў застаецца вельмі высокай, а грамадзянская супольнасць фактычна знішчаная.

Сапелка падкрэслівае, што вызваленні сталі магчымымі дзякуючы працяглым міжнародным намаганням, але называць іх прыкметай лібералізацыі памылкова. Асаблівую занепакоенасць выклікае практыка вызвалення з адначасовай высылкай за мяжу. На думку праваабаронцы, людзей фактычна ставілі перад выбарам: заставацца ў няволі або атрымаць свабоду цаной вымушанага выгнання, разлукі з сям’ёй і радзімай.

Паводле Сапелкі, гаворка ідзе не пра сапраўднае масавае памілаванне, а пра выбарачныя вызваленні. Ён нагадвае, што ў беларускіх турмах і калоніях па-ранейшаму застаюцца сотні палітвязняў, а сістэмных зменаў у сферы правоў чалавека за апошні год не адбылося.

ПЦ «Вясна» таксама публікуе гісторыі некаторых вызваленых палітвязняў. 

нг