Беларуская Служба

Эксперты прагназуюць значна меншы рост ВУП Беларусі, чым абяцалі ўлады

22.06.2026 13:02
Еўразійскі банк развіцця прагназуе прырост больш чым удвая ніжэйшы ад запланаванага.
Ілюстрацыйнае фотаgeralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

22 чэрвеня свой макрапрагноз росту валавога ўнутранага прадукту (ВУП) Беларусі апублікаваў Еўразійскі банк развіцця, паведамляе «Свабода».

Паводле аналітыкаў банка, за студзень–травень 2026 года ВУП Беларусі вырас на 0,9% у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года. У выніку банк прагназуе сёлетні прырост ВУП Беларусі на 1,3%.

У банку лічаць гэта добрым прагнозам, бо ў Беларусі ў траўні павялічыліся інвестыцыі ў будаўніцтва, а дробны тавараабарот вырас на 0,9% у параўнанні са студзенем–красавіком бягучага года.

У студзені–красавіку 2026 года прырост ВУП быў зусім слабы – на 0,2%. Але ж дасягненнем такі прырост ВУП па выніках года на назваць цяжка, бо Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў яго прырост на 2026 год на ўзроўні 2,8%. Еўразійскі банк развіцця прагназуе прырост больш чым удвая ніжэйшы ад запланаванага.

Аналітыкі МВФ чакаюць сёлета прыросту ВУП Беларусі на 1,2%.

Рост ВУП гарантуе насельніцтву працоўныя месцы, павелічэнне заробкаў, сацыяльных выдаткаў дзяржавы, то бок выкананне абяцанняў «падвышэння дабрабыту» і «росту даходаў», якія дае ўрад кожны год, фармуючы асноўныя прагнозныя паказнікі.

Рост даходаў беларусаў, падобна, спыніўся. Калі ў чацвёртым квартале мінулага года сярэдні заробак склаў 2859,6 рубля, то ў першым квартале сёлетняга – 2826,8 рубля.

У беларускай эканоміцы застаюцца праблемы, у тым ліку спад вытворчасці ў апрацоўчай прамысловасці, рост пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці, падзенне прадукцыйнасці працы, інвестыцыяў і аптовага тавараабароту.

Нестабільны рост ВУП ці рэцэсія азначаюць для беларусаў у будучыні скарачэнне працоўных месцаў, зніжэнне даходаў, банкруцтвы – найперш малога і сярэдняга бізнесу.

аз