Па дадзеных праваабаронцаў Lawtrend, за апошнія пяць гадоў у Беларусі былі ліквідаваныя больш за дзве тысячы грамадскіх аб'яднанняў, фондаў і некамерцыйных арганізацый, адзначае DW.
Пасля выбараў-2020 у Беларусі былі разгромленыя сотні арганізацый, якія дапамагалі дзецям, людзям з інваліднасцю, цяжкахворым пацыентам, ахвярам гвалту і іншым уразлівым групам. У выніку краіна пазбавілася значнай часткі дабрачыннай інфраструктуры, якая стваралася дзесяцігоддзямі.
Сярод іх быў «Гродзенскі дзіцячы хоспіс». Арганізацыя больш за пятнаццаць гадоў дапамагала семʼям, якія выхоўваюць дзяцей з цяжкімі і невылечнымі захворваннямі.
Такі ж лёс напаткаў «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» — арганізацыю, якая аказвала юрыдычную дапамогу, абараняла правы людзей з інваліднасцю і дамагалася стварэння больш даступнага асяроддзя.
Закрытыя «Гендэрныя перспектывы», якія займаліся падтрымкай жанчын, якія сутыкнуліся з дамашнім насіллем. А нядаўна ўлады ліквідавалі дабрачынную ўстанову KinderVita, якая дапамагала дзецям з анкалагічнымі, гематалагічнымі і імуналагічнымі захворваннямі.
Эксперты падкрэсліваюць, што буйныя прадзяржаўныя структуры, такія як «Чырвоны крыж», «Фонд міра», «Беларускі дзіцячы фонд» не змаглі замяніць арганізацыі, якія ўлады ліквідавалі.
Паралельна дзяржава стварыла новую мадэль фінансавання сацыяльнай сферы.
З 2022 года сілавікі масава пераследуюць беларусаў, якія рабілі ахвяраванні арганізацыям і ініцыятывам, прызнаным уладамі экстрэмісцкімі. Каб пазбегнуць крымінальнага пераследу, людзям прапануюць заплаціць суму, якая шматкроць перавышае пералічаны дaнат.
Афіцыйна гэтыя плацяжы называюць дабрачыннымі ахвяраваннямі. Першапачаткова грошы ішлі на рахункі дзіцячых дамоў, хоспісаў, РНПЦ і іншых дзяржустаноў сацыяльнай сферы. Па дадзеных Следчага камітэта, толькі за 2023 год так сабралі больш за 37 мільёнаў рублёў (каля 12 млн еўра).
З 2024 года асноўным атрымальнікам стаў Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання пры Міністэрстве аховы здароўя. Цэнтр не дае публічнай справаздачнасці.
Ліквідацыя дабрачыннай арганізацыі азначае страту не толькі юрыдычнай асобы. Зніклі каманды спецыялістаў, валанцёрскія сеткі, назапашаны досвед, міжнародныя кантакты і механізмы прыцягнення сродкаў.
Пасля ліквідацыі арганізацый дапамога не спынілася, а пайшла ў іншыя формы, распавяла былая супрацоўніца абʼяднання «Радзіслава», якое дапамагала ахвярам хатняга гвалту.
— Частка ініцыятыў прадоўжыла працу з-за мяжы. Некаторыя праекты зарэгістраваліся ў суседніх краінах і стараюцца дапамагаць беларусам дыстанцыйна. Іншыя існуюць як нефармальныя валанцёрскія сеткі. Зборы сродкаў усё часцей праходзяць праз сацыяльныя сеткі, асабістыя кантакты і прыватныя ініцыятывы, — растлумачыла жанчына.
— Разам з закрыццём арганізацый знікае сама інфраструктура дапамогі. (...) без прафесійных каманд становіцца больш складана ацэньваць патрэбы, кантраляваць расходаванне сродкаў, арганізоўваць доўгатэрміновыя праграмы падтрымкі і суправаджаць семʼі ў крызісных сітуацыях, — адзначае былая дырэктарка «Гродзенскага дзіцячага хоспіса» Вольга Вялічка.
яс