У Літве заявілі, што спосабы абыходу міжнародных санкцый супраць Беларусі і Расіі становяцца ўсё больш вытанчанымі. Як паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на Службу расследавання фінансавых злачынстваў Літвы (FNTT), летась фізічным асобам за парушэнне санкцыйнага рэжыму прызначылі штрафы на больш як 6,2 млн еўра.
Паводле літоўскіх уладаў, санкцыі найчасцей абыходзяць праз продаж аўтамабіляў, тавараў і тэхналогій двайнога прызначэння, падробку дакументаў і ўтойванне сапраўднага паходжання прадукцыі. Асаблівую ўвагу выклікаюць пастаўкі санкцыйных аўтамабіляў у Беларусь і Расію праз трэція краіны.
У FNTT падкрэсліваюць, што схемы паставак пастаянна адаптуюцца да новых абмежаванняў. Беларусь пры гэтым нярэдка выкарыстоўваецца як транзітная тэрыторыя для дастаўкі тавараў у Расію. Літоўскія кантралёры таксама зафіксавалі выпадкі свядомага ўтойвання краіны паходжання тавараў, каб пазбегнуць мытнага і фінансавага кантролю.
эж