Беларуская Служба

Большай колькасці выдаваных віз у польскіх консульствах не будзе

24.06.2026 12:08
Такую выснову можна зрабіць з выказвання прадстаўніцы польскага МЗС.
Беларускія пашпартыЗдымак: Беларуская служба Польскага радыё

У Варшаўскім універсітэце адбыліся дэбаты «Беларусь Лукашэнкі і бяспека рэгіёну». З аўдыторыі было зададзена пытанне, ці можна чакаць павелічэння колькасці віз для беларусаў у польскіх візавых цэнтрах.

Анна Казлоўска-Слупэк з Усходняга дэпартаменту МЗС Польшчы, адказваючы на гэтае пытанне, сказала, што гэта пытанне практычных магчымасцяў:

— І гэтыя практычныя магчымасці зводзяцца да іншага пытання: колькасці польскіх консулаў у Беларусі. І гэтае пытанне залежыць непасрэдна ад стаўлення беларускага боку. Склад польскай амбасады ў Мінску значна скарочаны.

Анна Казлоўска-Слупэк звярнула ўвагу на мабільнасць беларусаў, адказваючы на закіды, што цяжкасці з атрыманнем віз ускладняюць перамяшчэнне беларусаў:

— Ці вельмі дрэнная сітуацыя з мабільнасцю беларусаў? Вы самі прывялі лічбы, канкрэтна адну: 300 тысяч беларусаў у Польшчы. Гэта прыблізныя лічбы, бо ў нас няма дакладных ацэнак. Я ведаю ацэнкі на ўзроўні 150 тысяч беларусаў, якія прыбылі ў Польшчу з 2020 года. І я так разумею, што большасць гэтых лічбаў звязаная з так званым гуманітарным калідорам. І тут Польшча з'яўляецца чэмпіёнам, разам з Літвой. Нягледзячы на ўвесь гэты абмежаваны персанал консульскіх устаноў, гуманітарны калідор застаецца дзейсным. Беларус, які адчувае сябе прыгнечаным, можа падаць заяву на гуманітарную візу на польскай мяжы, а таксама ў польскіх консульствах. І, нарэшце, гэтая мабільнасць таксама звязана, і мы павінны пра гэта памятаць, з пытаннямі бяспекі. Напэўна, зразумела, што большасць беларусаў, якія вырашаюць пакінуць Беларусь у межах гуманітарнага калідора або па іншых прычынах, робяць гэта з пачуцця небяспекі. Абавязак Польшчы — забяспечыць пачуццё бяспекі і для беларускай дыяспары. Вось тут і зʼяўляецца мабільнасць. Міжасобасная мабільнасць не можа існаваць асобна ад пытанняў бяспекі, і гэтыя пытанні тычацца не толькі міграцыйнага ціску, не толькі вайны ва Украіне, але і, нарэшце, пагроз сабатажу, у тым ліку тых, што тычацца людзей, якія з'яджаюць з Беларусі, не толькі беларускага паходжання.


Удзельнікі дэбаты: Мадэратарка Агнешка Рамашэўска, Анна Казлоўска-Слупэк, Арцём Брухан, Каміль Клысіньскі, Мешка Паўляк Удзельнікі дэбатаў: Мадэратарка Агнешка Рамашэўска, Анна Казлоўска-Слупэк, Арцём Брухан, Каміль Клысіньскі, Мешка Паўляк