У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны (ДПСУ) заявілі, што ўкраінска-беларуская мяжа застаецца небяспечнай зонай для грамадзян. У адказ на запрашэнне ўкраінцам «па традыцыі» ісці па грыбы ці ягады нагадалі, што Беларусь падтрымлівае Расію ў вайне, паведамляе «Белсат».
У памежжы дзейнічаюць абмежаванні. Гаворка як аб фізічных перашкодах, якія ўзводзіліся краінай для абароны сваёй мяжы, так і аб «пагрозах для ўкраінцаў на тэрыторыі з боку Беларусі», прагучала ў каментары спікера ДПСУ Андрэя Дземчанкі для РБК-Украіна. Ён падкрэсліў, што на мяжы не будзе ніякіх зменаў, «пакуль Беларусь не перастане падтрымліваць краіну-тэрарыстку».
Ацэньваючы запрашэнне беларускіх памежнікаў наведваць лясы, прадстаўнік ДПСУ назваў яго «задобрываннем з боку Беларусі, у кантэксце іхнай сітуацыі».
— Яны падтрымліваюць Расею ў вайне супраць нашай краіны рознымі спосабамі, у тым ліку працай розных тэхнічных сродкаў у выглядзе рэтранслятараў, як гэта было нядаўна. І спадзяюцца, што тым самым Украіна... Я не ведаю... прыме такую прапанову.
25 чэрвеня беларускі Дзяржаўны памежны камітэт выпусціў заяву, у якой, «кіруючыся прынцыпамі сяброўства і добрасуседства ды ўлічваючы патрэбы простых людзей», паклікаў жыхароў Украіны ісці ў беларускія лясы збіраць ягады і грыбы. Ахвочым паабяцалі спрошчаны доступ на тэрыторыю заказніка «Альманскія балоты» у трох пунктах пропуску: «Мутвіца», «Хінічаў» і «Селішча».
Памежнікі паведамілі, што Аляксандр Лукашэнка даў адпаведнае даручэнне прапрацаваць механізмы, «якія дазволяць украінскім грамадзянам па шматгадовай традыцыі наведваць памежныя тэрыторыі ў раней вызначаных месцах».
Практыка памежнага пропуску для збору ягад і грыбоў дзейнічала з 2011 года. З украінскага боку ўсе пункты пропуску на мяжы з Беларуссю афіцыйна закрытыя з 2022 году, калі адбылося ўварванне Расеі, у тым ліку з беларускай тэрыторыі.
вс