Аб гэтым на Пецярбургскім міжнародным юрыдычным форуме заявіў кіраўнік Следчага камітэта Беларусі Канстанцін Бычак, паведаміла прэс-служба ведамства.
Паводле слоў Бычака, падзеі 2020 года сталі сур'ёзным выпрабаваннем для ўсяго дзяржапарату, бо «дэструктыўныя сілы» спрабавалі рэалізаваць «сцэнар каляровай рэвалюцыі».
— Але следчыя вытрымалі гэты ціск і з гонарам выканалі свой абавязак. Прававую ацэнку атрымалі ўсе ўдзельнікі масавых беспарадкаў, іх арганізатары, асобы, якія аказвалі супраціўленне праваахоўнікам і — самае галоўнае — тыя, хто выношваў планы гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, — заявіў Бычак.
Сярод дасягненняў свайго ведамства ён адзначыў тое, што асобы, якія зʼехалі з краіны, «не сышлі ад крымінальнага пераследу», а таксама ўвядзенне інстытута спецвытворчасці. Ён дазваляе праводзіць завочны суд. Канстанцін Бычак таксама казаў, што «актыўна спыняюцца спробы вінаватых схаваць свой прыбытак і маёмасць, якая падлягае канфіскацыі».
Бычак заявіў, што цяпер гатоўнасць сістэмы нацбяспекі да адбіцця любых замахаў становіцца пытаннем першараднай важнасці. Таму беларускія следчыя «адпрацоўваюць алгарытмы дзеянняў ва ўмовах, максімальна набліжаных да баявых» разам з расійскімі калегамі.
У 2025 годзе заканчваліся тэрміны даўнасці па арт. 342 КК за ўдзел у пратэстах. Як заяўлялі праваабаронцы BYSOL, тады «сілавікі проста як з ланцуга сарваліся».
— Цяпер мы бачым, што магчымасцяў падоўжыць тэрміны дзеяння 342-га артыкула яны не знайшлі, таму больш актыўна сталі выкарыстоўваць арт. 293 («Масавыя беспарадкі». — Заўв. рэд.) — гэты артыкул цяжэйшы, і тэрмін даўніны па ім складае дзесяць гадоў, — распавядалі ў арганізацыі ў пачатку 2026-га.
Тым часам палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, а за кратамі на 25 чэрвеня знаходзіліся 852 палітвязні, паводле дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна».
Люстэрка/ав