— Паняцце нейтралітэту апынулася змяшаным з нармалізацыяй агрэсіі, такое нельга дазваляць, — такім чынам міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс пракаментаваў нядаўнія рашэнні Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) аб зняцці абмежаванняў з Беларусі і Расіі, паведамляе «Позірк».
Кіраўнік літоўскай дыпламатыі выказаўся на гэты конт 13 ліпеня ў Бруселі перад пасяджэннем Савета міністраў замежных спраў дзяржаў-членаў Еўрасаюза.
На яго думку, «допуск агрэсара да ўдзелу не з’яўляецца нармальнай нейтральнай пазіцыяй — гэта проста наданне агрэсару магчымасці ўдзельнічаць у міжнародным жыцці, аслабленне яго міжнароднай ізаляцыі».
— Мы будзем дамагацца асобнага абмеркавання гэтага пытання і імкнуцца да таго, каб Еўрапейскі саюз прыняў рашэнне, згодна з якім аніводная дзяржава — член ЕС не праводзіла б спартыўныя спаборніцтвы, у якіх удзельнічаюць расійскія або беларускія спартсмены, — сказаў Будрыс. — Бо мы бачым, як увесь гэты рэжым паступова вяртаецца: спачатку культурныя мерапрыемствы — зусім нядаўна мы гэта ўбачылі на Венецыянскай біенале (Расія арганізавала свой павільён; Беларусь як дзяржава не была прадстаўленая, але быў маштабны незалежны беларускі павільён. — «Позірк».), цяпер спартыўныя спаборніцтвы. — Што ж атрымліваецца — усё ў парадку, у Еўропе нічога не адбываецца? Можна вярнуцца да ранейшай практыкі? Літва кажа: не, нельга. Мы павінны цвёрда прытрымлівацца гэтай пазіцыі, — дадаў ён.
28 лютага 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны, Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.
28 сакавіка 2023 года МАК апублікаваў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў, без адпаведнай дзяржаўнай сімволікі.
7 ліпеня 2026 года МАК зняў усе абмежаванні з Расіі і аднавіў у правах нацыянальны алімпійскі камітэт краіны. За два месяцы да гэтага, 7 траўня, выканкам МАК заявіў, што «больш не рэкамендуе ніякіх абмежаванняў на ўдзел беларускіх спартсменаў, уключаючы каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў».
Пасля гэтага пра допуск беларускіх спартсменаў да сваіх спаборніцтваў на роўных умовах з прадстаўнікамі іншых краін заявілі аб’яднанні па каратэ, гімнастыцы, фехтаванні, веласпорце, спартыўных танцах, більярдзе, водных лыжах, боксе, тайскім боксе, сучасным пяцібор’і і валейболе, парусным спорце, барацьбе, цяжкай атлетыцы, а таксама Міжнародная федэрацыя студэнцкага спорту, пад эгідай якой у 2027 годзе адбудуцца летняя і зімовая ўніверсіяды.
Пры гэтым захаваныя абмежаванні ў дачыненні да лёгкаатлетаў, тэнісістаў, біятланістаў і прадстаўнікоў іншых відаў спорту.
Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) Украіны сумесна з Міністэрствам моладзі і спорту краіны і нацыянальнымі спартыўнымі федэрацыямі цягам траўня і чэрвеня 2026 года накіравалі ў міжнародныя федэрацыі 30 афіцыйных лістоў з просьбай не дапускаць да спаборніцтваў спартсменаў з Беларусі і Расіі пад дзяржаўнымі сцягамі, гімнамі ды іншай нацыянальнай сімволікай.
аз