Каля 300 паведамленняў аб званках тэлефонных махляроў паступіла ў міліцыю за мінулыя суткі, паведаміла 17 ліпеня Міністэрства ўнутраных спраў.
—Дзякуючы аператыўнасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і пільнасці грамадзян пераважная большасць злачынстваў перадухілена. Зарэгістравана 25 злачынстваў, учыненых з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, — гаворыцца ў паведамленні.
Таксама за суткі ініцыявана блакаванне чатырох фішынгавых інтэрнэт-рэсурсаў (падробленыя гандлёвыя пляцоўкі, банкі або сэрвісы, неадрозныя ад сапраўдных); заблакаваная магчымасць плацяжоў у адрас 33 замежных плацежных рэквізітаў, якія выкарыстоўваюцца зламыснікамі; прыпыненыя расходныя аперацыі па 55 рахунках.
Супрацоўнікі МУС затрымалі 8 кур’ераў (з іх 4 замежнікі), якія працавалі ў інтарэсах аферыстаў, у іх канфіскавана каля 170 тыс. рублёў.
Паводле спосабу здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў лідзіруе купля тавараў у інтэрнэце. Затым ідуць вішынг ад імя службовых асобаў (тэлефоннае махлярства), крадзяжы з выкарыстаннем сацсетак і гандаль на фінансавых біржах.
Як вынікае з праведзенага «Позіркам» аналізу прэс-рэлізаў МУС, з 1 ліпеня ў міліцыю паступіла больш за 5 тыс. паведамленняў аб званках тэлефонных махляроў, затрымана мінімум 51 кур’ер махляроў, у іх агулам канфіскавана больш за 400 тыс. рублёў. МУС не паведамляе, якія санкцыі ўжываюцца да кур’ераў.
Паводле звестак МУС, якія ўключаны ў матэрыялы для выкарыстання прапагандыстамі ў рамках ліпеньскага «адзінага дня інфармавання насельніцтва», доля кіберзлачынстваў па выніках студзеня – траўня 2026 года перавысіла траціну ўсіх зарэгістраваных у Беларусі злачынстваў і дасягнула 33,4%.
У 2023 годзе, згодна з інфармацыяй міліцэйскага ведамства, удзельная вага кіберзлачыннасці складала 21,5%, у 2024-м — 27,5%, у 2025-м — 29,7%. У 2026 годзе штотыдзень здзяйсняецца ў сярэднім 359 кіберзлачынстваў, або больш за 50 у дзень.
Крыніца: «Позірк»/юл