Апошняе паседжанне па палітычна матываванай справе гарадзенкі Валянціны Навумавай павінна адбыцца 24 ліпеня. Стала вядома, што пракурор запрасіў для Валянціны Навумавай 7 гадоў зняволення, паведамляе «Гарадзенская праваабарона».
Карны працэс пачаўся 29 чэрвеня ў Гродзенскім абласным судзе, яго вядзе адзін з самых жорсткіх суддзяў вобласці Мікалай Рачынскі. За яго плячыма — дзясяткі палітычна матываваных крымінальных спраў.
Валянціне Навумавай інкрымінаваныя ажно дзесяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
— артыкул 16, частка 6 (Пасобніцтва ў саўдзеле ў злачынстве);
— артыкул 130, частка 1 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і частка 3 (Дзеянні, якія прадугледжаны часткамі 1 або 2 гэтага артыкула, здзейсненыя групай асобаў);
— артыкул 188 (Паклёп);
— артыкул 203-1, частка 3 (Парушэнне тайны перапіскі, тэлефонных перамоваў);
— артыкул 361-4, часткі 1 і 2 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна);
— артыкул 367, частка 2 (Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі);
— артыкул 368, частка 1 (Абраза Лукашэнкі);
— артыкул 369 (Абраза прадстаўніка ўлады);
— артыкул 370 (Здзек з дзяржаўных сімвалаў);
— артыкул 391 (Знявага суддзі);
Валянціна Навумава была затрыманая 5 верасня 2025 года. З таго часу яна знаходзіцца пад вартай.
Спачатку ёй інкрымінавалі артыкул 367 Крымінальнага кодэксу. 27 лютага бягучага года былі выстаўленыя абвінавачванні па новых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
Валянціна Навумава доўгі час была сябрам партыі левых «Справядлівы свет», нагадвае «Вясна». У 2017 годзе яна была аштрафаваная на 15 базавых велічынь у адміністрацыйнай справе за ўдзел у акцыі «недармаедаў».
аз